Lietuvos rytas: Літва размарозіла рахункі Пефціева
37- 28.08.2012, 9:03

Літоўскі суд задаволіў скаргу лукашэнкаўскага алігарха на санкцыі ЕЗ.
Адносіны з Беларуссю могуць яшчэ раз скандальна праславіць Літву ў Еўразвязе, піша ru.delfi.lt са спасылкай на Lietuvos rytas.
Віленскі акруговы адміністрацыйны суд учора задаволіў скаргу «кашалька» Аляксандра Лукашэнкі Уладзіміра Пефціева і трох кіраваных ім кампаній у дачыненні да Міністэрства замежных спраў Літвы і Службы расследаванняў фінансавых злачынстваў.
Пефціеў, якога лічаць адным з самых багатых людзей Беларусі, прасіў скасаваць рашэнне МЗС Літвы, якое дазваляе замарозіць яго асабістыя рахункі ў еўрапейскіх банках. Гэта - частка эканамічных санкцый, рашэнне аб ўжыванні якіх Савет ЕЗ прыняў яшчэ ў мінулым годзе, рэагуючы на рэпрэсіі беларускіх улад у дачыненні да апазіцыі.
Аднак літоўскаму суду яны здаліся неабгрунтаванымі.
Прадстаўнікі міністэрства сцвярджалі, што абмяркуюць, ці варта абскардзіць рашэнне суда.