АБСЕ разлічвае вярнуць офіс у Менск
2- 23.09.2012, 15:59

Місія АБСЕ рабіла шмат добрай працы для Беларусі і яе народа.
Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Янэз Лянарчыч, які прыбыў у Беларусь на «парламенцкія выбары».
«З майго асабістага пункту гледжання, гэтая місія рабіла шмат добрай працы для Беларусі і яе народа», - сказаў Лянарчыч.
«Што тычыцца нашага бюро, то нам было нашмат лягчэй узаемадзейнічаць з Беларуссю, калі тут была місія АБСЕ, паколькі яна дапамагала наладжваць кантакты і аказвала падтрымку. Цяпер, без місіі, мы - самі па сабе. Гэта стварае дадатковыя цяжкасці», - заўважыў кіраўнік БДІПЧ.
Менскі офіс АБСЕ зачыніўся па рашэнні беларускіх улад у снежні 2010 года пасля таго, як прадстаўнікі арганізацыі не прызналі вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў і заявілі пра шэраг парушэнняў падчас выбарчай кампаніі.