Шведскія пілоты атрымалі прэмію Хартыі'97
60- 29.01.2013, 0:01

Томас Мазэці, Ханна Фрэй і Пэр Кромвэл сустрэліся з рэдактарам charter97.org Наталляй Радзінай у шведскім горадзе Мальме.
Шведы сталі лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі Хартыі'97 у галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.
Рызыкуючы жыццём, супрацоўнікі шведскага рэкламнага агенцтва Studio Total Томас Мазэці, Пэр Кромвэл і Ханна Фрэй здзейснілі палёт у астатнюю дыктатуру Еўропы, каб падтрымаць тут незалежных журналістаў, якія пераследуюцца.
Бясстрашнасць шведаў узрушыла свет. У любы момант іх маленькі лёгкаматорны самалёт мог быць збіты і тады шведскія энтузіясты немінуча загінулі б. На шчасце, палёт прайшоў удала. Заўзятыя смельчакі скінулі над Менскам ды Івянцом сотні плюшавых медзведзянят з цыдулкамі «У падтрымку свабоды слова ў Беларусі».
Лукашэнка ледзь не ашалеў злосці. Уся ягоная хвалёная вайсковая «моц» сталася аб’ектам кпінаў. Паляцелі галовы генералаў, было, зачынена пасольства Швецыі ў Менску. Пра Беларусь загаварылі вядучыя тэлеканалы і газеты планеты, як аб краіне, дзе пераследуюць апазіцыю і дзе дыктатар настолькі слабы, што баіцца нават плюшавых медзведзянят.
Уручаючы прэмію Мазэці, Фрэй і Кромвэлу, Наталля Радзіна адзначыла, што прэмія Хартыі'97 была заснаваная ў 1998 годзе, і за 15 гадоў пілоты сталі першымі замежнікамі, якія яе атрымалі за мужнасць, праяўленую ў барацьбе за правы чалавека ў Беларусі.
Самі супрацоўнікі рэкламнага агенцтва Studio Total не ўважаюць сябе за герояў. «Гэта вы героі ў Беларусі, - сказалі яны на сустрэчы з рэдактарам charter97.org. - Мы рызыкавалі ўсяго гадзіну, а вы жывяце пры дыктатуры кожны дзень цягам амаль 19 гадоў».
Такое адчуванне, што яны да гэтага часу не ўсведамляюць, што іх маглі забіць падчас палёту ў Беларусь.
Пры гэтым, шведы добра разумеюць: Беларусь - хоць і астатняя дыктатура Еўропы, але, як ні парадаксальна, не толькі ў свеце, але і нават у самой Еўропе, ёй не надаецца належнай увагі, і лёс беларускага народа мала хвалюе еўрапейскіх палітыкаў. Таму простыя шведы і пастанавілі зладзіць «плюшавы дэсант».
Як гаварылася ў прэс-рэлізе агенцтва Studio Total, сваю акцыю яны арганізавалі «у знак падтрымкі сайта charter97.org і незалежных СМІ Беларусі».
На пытанне, чаму, у першую чаргу, у падтрымку charter97.org, шведы адказваюць калектыўна (Ханна, Томас і Пэр наогул на ўсе пытанні імкнуцца адказваць разам, як быццам пацвярджаючы тым самым - яны адна каманда):
«Таму што для нас Хартыя'97 - гэта сімвал барацьбы за свабоду слова, - кажуць яны. Мы наогул спачатку хацелі скідаць над Беларуссю газеты з праўдзівымі навінамі, напрыклад, «Хартыю'97», але потым даведаліся, што ў вас праходзілі акцыі пратэсту з мяккімі цацкамі і пастанавілі скінуць над краінай медзведзянят. Мы таксама шмат чыталі пра Вас, Наталля, і нас вельмі ўразіла ваша гісторыя».
Аб будучых акцыях у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі шведы кажуць Асцярожна: «Мы не можам афішаваць нашы будучыя акцыі, але нас хвалююць лёсы беларусаў», - кажуць яны.
Наталля Радзіна нагадала Томасу Мазэці, што ў верасні 2012 года ён заявіў, што Лукашэнку засталося знаходзіцца ва ўладзе ўсяго 14 месяцаў. «Паводле законах цыклічнага развіцця падзей, нешта ў Беларусі павінна адбыцца вясной, а восенню ўлада Лукашэнка вельмі моцна пахіснецца», - упэўнены шведскі пілот.



