Беларускія гандляры зброяй паедуць у Абу-Дабі
10- 6.01.2013, 12:28

У выставе, якая праходзіць у сталіцы ААЭ, удзельнічаюць беларускія фірмы, якія абвінавачваліся ў пастаўках зброі ў Сірыю.
Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік Дзяржкамвайскпрама ў інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Уладзімір Лаўранюк, восем прадпрыемстваў Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі прадставяць краіну на найбуйнейшай у свеце міжнароднай выставе ўзбраення і абароннай прамысловасці ў Абу-Дабі IDEX-2013.
Выстава ў 11-ы раз пройдзе 17-21 лютага ў Abu Dhabi National Exhibition Centre пад патранажам шэйха Халіфа-бін-Заеда аль-Нах’і, прэзідэнта ААЭ, пры падтрымцы ўрада і ўзброеных сіл краіны.
Свае найноўшыя абаронныя тэхналогіі, сістэмы і абсталяванне выставяць кампанія «Белзамежпрамсэрвіс», ААТ «МЗКЦ», ААТ «Алеўкурп», ААТ «140 рамонтны завод», ААТ «Агат - сістэмы кіравання» - кіраўнічая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання», ААТ «Пеленг», ААТ «КБ «Дысплей». Плануецца, што беларускую дэлегацыю на выставе ўзначаліць старшыня Дзяржкамвайскпрама Сяргей Гурулёў.
Варта адзначыць, што першай у 2013 годзе для прадпрыемстваў абароннага сэктара эканомікі Беларусі стане 15-я міжнародная выстава сродкаў бяспекі Intersec, якая пройдзе ў Дубаі 15-17 студзеня. Арганізатар беларускай экспазіцыі - кампанія «Белспецзамежтэхніка».
Нагадаем, што беларускія фірмы, якія бяруць удзел у выставе ў Абу-Дабі, неаднаразова падазраваліся ў пастаўках узбраенняў дыктатарскім рэжымам.
Так, МЗКЦ вінавацілі ў пастаўках у КНДР цяжкіх колавых шасі беларускай распрацоўкі, прызначаных для ракет, а ў верасні 2012 года ЗША абвінавацілі «Белзамежпрамсэрвіс» у пастаўках зброі ў Сірыю.