У новай рэзідэнцыі дыктатара вісяць залатыя люстры
53- 25.10.2013, 15:51
- 76,027
Яшчэ ў 2011 годзе для новай рэзідэнцыі Лукашэнкі былі замоўленыя залатыя люстры вядомага на ўвесь свет брэнда Faustig.
Планавалася, што люксавыя вырабы фабрыкі будуць створаныя спецыяльна для гэтага будынка. Адзін з найбагацейшых людзей Еўропы - граф Томас Фаусцік, уладальнік знакамітай на ўвесь свет кампаніі па вырабе свяцільняў, тады перадаваў на зацвярджэнне ў Менск узоры, пакрытыя каратным золатам. Падобныя спецзамовы, з якімі раней звярталіся да графа Фаусціка, абыходзіліся яго кліентам у сотні тысяч еўра, піша «Салiдарнасць».
І вось адбылося. Прыгажосць вырабаў гэтай фабрыкі, перададзеных у Беларусь, часткова можна ацаніць па фотаздымках з пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое напярэдадні адбылося ў менскім «Палацы незалежнасці».


Афіцыйнае пацверджанне таму, што замова ад афіцыйнага Менска была, ужо ёсць на сайце кампаніі Faustig. У прыватнасці, Беларусь паказаная ў раздзеле «Афіцыйныя будынкі» («Congress Center, Minsk»). Сярод краін-замоўшчыц таксама значацца Швейцарыя, ААЭ, Расея.

Адзначым, што эксклюзіўныя працы гэтай кампаніі даўно горача любімыя сапраўднымі знаўцамі. Кампанія была заснаваная ў 1960 годзе і з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў крыштальных люстраў у свеце. Для вытворчасці закупляецца крышталь у кампаніі Swarovski AG. Галоўнай якасцю люстраў Faustig з'яўляецца выдатнае спалучэнне крышталя і гальванічнага пакрыцця з выкарыстаннем 24-каратнага золата і срэбра.
Як паведамляецца ў дзесятках спецыялізаваных выданняў, супрацоўнікі фабрыкі здольныя ўвасобіць у жыццё практычна любую дызайнерскую распрацоўку з выкарыстаннем крышталя, муранскага шкла і сталі, роўна як і зрабіць яе самастойна, кіруючыся толькі пажаданнямі кліента - усё гэта з'яўляецца спецыялізацыяй кампаніі. На люстры, створаныя з прымяненнем каратнага золата, Faustig дае гарантыю 300 гадоў.