Кухня Еўрамайдана: горы запасаў, прыгажуні і народныя песні
28- 16.12.2013, 17:48
- 52,292
На кухні Еўрамайдана праца не спыняецца ні на хвіліну.
Карэспандэнт ўкраінскай рэдакцыі «Радыё Свабода» пабывала за кулісамі кухні Еўрамайдана.
Сталовая Дома прафсаюзаў - асноўная кухня Еўрамайдана. Сюды зносяць прадукты, якія прывозяць людзі, тут іх сартуюць і гатуюць з іх ежу для мітынгоўцаў - двойчы ў дзень новыя гарачыя стравы і амаль увесь час - бутэрброды, чай, кава. Заходзіць староннім сюды нельга - санітарная зона.


Тут днём і ноччу працуюць дзяўчыны, жанчыны - усе валанцёры. Ім раздаюць спецыяльную вопратку і гумовыя пальчаткі. Валасы падабраныя. Пол мыюць часта. Спяваюць украінскія народныя песні.


Апазіцыйныя штабы забяспечваюць кухню базавымі рэчамі - вадой, хлебам, посудам. Прадуктовыя запасы Еўрамайдана папаўняюць асноўным неабыякавыя ўкраінцы - яны і фармуюць штодзённае меню мітынгоўцаў.




З гарачых страў - сасіскі, бульба, кашы, крупы. Але галоўная правізія - гэта бутэрброды. Іх дзяўчаты робяць няспынна.


Любоў Сцяпанаўна 25 гадоў працавала ў санэпідстанцыі на ўкраінскай чыгунцы. Цяпер яна на пенсіі. На кухні Еўрамайдана яна штодня - правярае ўсе прадукты на тэрмін прыдатнасці і якасць. Адказвае за чысціню і захаванне санітарных нормаў. Вядома добраахвотна. «Бывае людзі прыносяць тое, чым нельга гатаваць у такіх умовах. Мы не прапускаем ліверную каўбасу, пячоначныя паштэты, ніякіх грыбоў. Бывае, нясуць вяленую рыбу, крывянку - гэта нельга. Усе стравы, калі іх прыгатавалі дома, мы іх старанна правяраем і не заўсёды падаем людзям, таму што яны хутка псуюцца. Галубцы, напрыклад, спачатку падвяргаюцца дадатковай тэрмічнай апрацоўцы. Клапоцімся пра тое, каб не дапусціць ніякіх атручванняў», - кажа Любоў Сцяпанаўна. Да яе ўсе прыслухоўваюцца.
Запасы прадуктаў харчавання з першага погляду дзівяць. Яны актыўна папаўняюцца, зрэшты, гэтак жа хутка і разыходзяцца.

Ля акенца выдачы - чарга. Гэта таксама валанцёры, рознага полу і ўзросту. Іх праца - выносіць прыгатаваную дзяўчатамі ежу і напоі на падносах на вуліцу з пунктамі раздачы на Майдане Незалежнасці, а таксама адносіць у больш аддаленыя «рэвалюцыйныя дыслакацыі» - напрыклад, пад Адміністрацыю прэзідэнта. Ратацыя бесперапынная.


Дзяўчына з гучнагаварыцелем кіруе працэсам і паведамляе апошнія навіны з вуліцы. «Людзей значна больш», «На сцэне - Цягнібок», «Для адміністрацыі больш бутэрбродаў не гатуйце - там кажуць, што сытыя».

Праца кіпіць. Дзяўчыны наразаюць бутэрброды, садавіну і пастаянна спяваюць украінскія народныя песні. Працэс замірае толькі на імгненне - кухня выконвае ўкраінскі гімн. Потым - малітва. І зноў за працу.

