#25sakavika - гэта мой Дзень Волі
12- 11.03.2015, 10:09
- 18,619
Беларусы пачалі кампанію, прымеркаваную да гадавіны абвяшчэння БНР.
25 сакавіка адбудзецца «Дзень Волі» - свята не канкрэтнай палітычнай партыі ці грамадскага аб'яднання, гэта свята Маё і Тваё, а значыць - кожнага, хто бачыць Беларусь моцнай, незалежнай і паспяховай, піша artsiadziba.by.

Традыцыйны фармат акцыі - шэсце ў Менску ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Але прыйшоў час змяніць гэтую форму - зрабіць «Дзень Волі» масавым і яскравым святам, у якім хочацца ўдзельнічаць кожнаму.
Таму сёлета ўсё будзе інакш!
«Мой Дзень Волі» - гэта агульнае свята, якое ўсім нам запомніцца надоўга. Якім чынам? Вось 10 крокаў, як мы гэта зробім разам:
1. Распаўсюджваем гэты тэкст разам з падрыхтаванымі банэрамі, посцім ва ўсе сацыяльныя сеткі і на сайты, дзе толькі магчыма. Пазначаем хэштэг #25sakavika.

2. 25 сакавіка а 17.00 прыходзім да станцыі метро Акадэмія навук. Не хвалюйцеся! Усё законна і бяспечна. Мінгарвыканкам звычайна дазваляе шэсце на Дзень Волі.
Мы не ідзем на бессэнсоўны мітынг пад наглядам міліцыі на плошчу Бангалор. Мы выходзім, каб паказаць моц і прыгажосць беларусаў у вялікай супольнасці аднадумцаў.

3. Пачынаем рыхтавацца да акцыі ўжо сёння. Створаныя падзеі ў Фэйсбуку і «Вконтакте», сачыце за абнаўленнямі і распаўсюджвайце інфармацыю. Дасылайце прапановы на [email protected], пішыце пад хэштэгам #25sakavika.
4. Бярэм нацыянальныя сцягі. Давайце без сцягоў палітычных партый, грамадскіх арганізацый і рухаў. Даставайце з шафаў, здымайце з муроў свае бел-чырвона-белыя сцягі. Калі не - можна пашыць ці купіць, гэта не складана. Можна намаляваць на паперы або шчацэ тры палоскі: белую, чырвоную і белую. Гэта колеры, якія нас аб'ядноўваюць.
Пад гэтым сцягам мы здабылі незалежнасць, пад ім прымаў прысягу нават Лукашэнка. Не бойцеся - бел-чырвона-белы сцяг у Беларусі нікім і ніколі не быў забаронены. А на Дзень Волі ні міліцыя, ні хтосьці іншы не асмеліцца яго ў вас адабраць.

5. Малюем або друкуем уласныя плакаты з заклікамі, лозунгамі і ідэямі, якія хочам выказаць грамадству і свету. Дзякуючы журналістам, фатаграфіі з вашымі плакатамі ўбачаць сотні тысяч. Будзьце крэатыўнымі! Добры плакат у руках прыгожага чалавека можа сказаць больш, чым палымяная гаворка з трыбуны.
Публікуйце пад хэштэгам #25sakavika фота, як вы малюеце плакаты, пакажыце прыклад, каб іншыя падхапілі.

6. Купляйце ў ЦУМах, ГУМах і галантарэйных аддзелах стужкі з беларускім арнаментам. Наразайце на кавалачкі па 30-40 см, прыносьце на Дзень Волі. Будзьце ў трэндзе!
Акцыі #беларускаястужка і «Пазнач сябе беларусам» паказалі, што стужка з арнаментам на вашай вопратцы стала праявай грамадзянскай пазіцыі. Раздавайце стужкі мінакам, павязвайце на антэны машын, заплятайце у валасы, з усмешкай дарыце міліцыянтам.

7. Адзявайце вышыванкі, вышымайкі, народныя касцюмы або любое адзенне з арнаментам. Выцягвайце прыгожыя вышытыя кашулі і спадніцы з бабуліных куфраў, набывайце ў майстроў або ў крамах. Мы маем традыцыі і любім сваё. Нацыянальная адзенне вылучае і робіць нас прыкметнымі.

8. Спяваем беларускія песні. Узгадайце тэксты «Грай», «Не быць скотам», «Тры чарапахі», «Простыя словы»… Дасылайце свае прапановы на мэйл [email protected]. Давайце вызначым дзесятак песень, якія выканаем разам падчас шэсця.
Бубначы, бярыце свае тамтамы і барабаны, каб ствараць рытм і падвышаць агульныя дэцыбелы свята.

9. Віншуем, усміхаемся і гаворым па-беларуску. Бо якое нацыянальнае свята без нацыянальнай мовы?

10. Запускаем флэшмоб у інтэрнэце. Мяняем свае аватаркі ў Фэйсбуку, Твітэры, «Вконтакте», на белую іконку з чырвоным надпісам — вашым імем альбо хэштэгам #25sakavika. Усе аватаркі будуць выглядаць падобна, як бел-чырвона-белы сцяг, і будуць унікальнымі адначасова.

Мы ідзем, каб паказаць сваю любоў да краіны, мовы і культуры. Мы ідзем прадэманстраваць наша імкненне да незалежнасці Беларусі. Мы ідзем паказаць сабе і свету - што мы народ, які хоча жыць свабодна і годна на сваёй зямлі.