Макей возьме ўдзел у сустрэчы Вышаградскай чацвёркі і «Усходняга партнёрства»
3- 14.05.2015, 14:16
- 20,303

Фота: mfa.gov.by
14-15 траўня 2015 года міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей наведае з рабочым візітам Браціславу.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Мэтай візіту з'яўляецца ўдзел у штогадовай сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы (Вугоршчына, Польшча, Славаччына, Чэхія) і краін-удзельніц ініцыятывы «Усходняе партнёрства».
У рамках візіту таксама запланаваныя двухбаковыя перамовы кіраўніка беларускага замежнапалітычнага ведамства з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Славацкай Рэспублікі Міраславам Лайчакам.
Нагадваем, што Беларусь была афіцыйна запрошаная на найбліжэйшы саміт «Усходняга партнёрства» ў Рызе 21-22 траўня гэтага года.
«Усходняе партнёрства» - праект Еўрапейскага звязу, які мае асноўнай заяўленай мэтай развіццё інтэграцыйных сувязяў Еўразвязу з шасцю краінамі былога СССР: Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй і Беларуссю.