Уначы невядомыя напалі на абаронцаў Курапатаў
62- 23.02.2017, 9:45
- 17,318

Нападнікі былі ў масках і з дубінкамі.
Уначы 23 лютага на лагер актывістаў ля Курапатаў напалі невядомыя ў масках з драўлянымі завостранымі палкамі, паведамляе «Радыё Свабода».
Нападнікаў было ад 15 да 20 чалавек. Са слоў актывістаў, напад доўжыўся блізу хвіліны: невядомыя лаяліся, выкрыквалі «Слава Расеі» і «Белая раса».
Нападнікі разбурылі палатку, сарвалі бел-чырвона-белыя сцягі і перакулілі бочку, у якой актывісты развялі вогнішча. Адзін з актывістаў лагера, Алесь Кіркевіч, пацярпеў - яго ўдарылі драўлянай бітай па скроні. Пасля гэтага нападнікі схаваліся.

На думку прадстаўнікоў «Маладога фронту», гэта была спланаваная акцыя, мэта якой - запалохаць актывістаў. На месца здарэння была выкліканая міліцыя.
У лагер прыехалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Разам з актывістамі яны абмяркоўваюць план далейшых дзеянняў. Згортваць лагер яны не маюць намеру.
У ГУУС Менгарвыканкама пракаментавалі сітуацыю.
«Сёння а 5.35 на спецлінію 102 паступіла паведамленне аб тым, што блізу 4 гадзін раніцы на грамадзян (у колькасці 15 чалавек) у Савецкім раёне сталіцы напалі два дзясяткі невядомых асобаў. Да месца здарэння неадкладна быў накіраваны патруль супрацоўнікаў міліцыі Савецкага РУУС Менска, былі праведзеныя папярэднія праверачныя мерапрыемствы. Паводле стану на 9 гадзін раніцы грамадзяне, якія звярнуліся ў міліцыю, ад напісання заяў і ад якіх-небудзь тлумачэнняў адмовіліся. Разам з тым паводле іх звароту ў міліцыю праводзіцца праверка», - распавёў tut.by афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

Нагадаем, ужо некалькі дзён прадаўжаецца акцыя пратэсту на будоўлі на вуліцы Мірашнічэнкі. На гэтым месцы павінны пабудаваць пяціпавярховы бізнэс-цэнтр. Актывісты «Маладога фронту» выступаюць супраць - да 2014 года гэты пляц быў у межах ахоўнай зоны Курапатаў. Потым ахоўную зону істотна зрэзалі. Са слоў гісторыка Ігара Кузняцова, вялікая імавернасць, што на месцы будаўніцтва могуць быць пахаванні.