Наталля Радзіна звярнулася да еўракамісара Ёханэса Хана
29- 30.01.2018, 16:28
- 39,665
Галоўная рэдактарка просіць еўракамісара дапамагчы спыніць блакаванне Charter97.org.
Камісар у еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханэс Хан 30 студзеня прыбыў у Беларусь. Падчас сустрэчы з лідарамі беларускіх палітычных партый яму быў перададзены зварот галоўнай рэдактаркі Charter97.org Наталлі Радзінай.
Яго Васпану
Камісару ЕЗ у пытаннях
еўрапейскай палітыкі суседства
і перамоваў у пашырэнні
Д-ру Ёханэсу Хану
Варшава, 30 студзеня 2018
Паважаны доктар Хан,
Звяртаюся да Вас з тым, каб выказаць сваю крайнюю занепакоенасць сітуацыяй са свабодай слова ў Беларусі і звярнуць на яе Вашу ўвагу. 24 студзеня г.г. без папярэджання ўлады Беларусі, а менавіта Міністэрства інфармацыі, выдалі загад заблакаваць у Беларусі сайт Charter97.org. Ніякіх канкрэтных прычын такой пастановы Міністэрства не падало.
Гэта чарговы сур'ёзны ўдар па свабодзе слова ў Беларусі і праву людзей на доступ да інфармацыі. Сайт Charter97.org, які сёлета адзначае сваё дваццацігоддзе, чытаюць мільёны людзей у Беларусі і за яе межамі. Сайт - прыхільнік прынцыпаў дэмакратыі і павагі да правоў чалавека. Блакаванне сайта асудзілі многія міжнародныя арганізацыі, журналісты, палітыкі і праваабаронцы ва ўсім свеце.
Нягледзячы на шматлікія патрабаванні ў Беларусі і міжнародныя звароты блакаванне не было скасаванае і прадаўжаецца падчас Вашага візіту ў Беларусь і сустрэч з вышэйшымі службовымі асобамі.
У сваіх дачыненнях з Беларуссю Еўрапейскі Звяз заўсёды падкрэсліваў важнасць захавання правоў чалавека і асноўных свабод для ўсякага прагрэсу ў гэтых дачыненнях.
Ведаючы Вашу асабістую прыхільнасць еўрапейскім каштоўнасцям, я настойліва прашу Вас запатрабаваць неадкладна спыніць блакаванне Charter97.org у Беларусі і спыніць рэпрэсіі супраць незалежных медыяў.
Не дапусціце таго, каб «Хартыя-97» стала яшчэ адным палітвязнем у Беларусі, пазбаўленым права размаўляць з людзьмі.
З павагай,
Наталля Радзіна
Галоўная рэдактарка
www.Charter97.org