Лекары распавялі, чым адрозніваецца галаўны боль пры «омікроне» і мігрэні
- 15.02.2022, 15:50
- 6,864
І як яго зняць.
Адным з самых распаўсюджаных сімптомаў омікрон-штаму каранавіруса з'яўляецца галаўны боль, які адрозніваецца ад таго, што чалавек адчувае пры мігрэні. Пра гэтую навіну расказала кандыдат медыцынскіх навук, лекар-неўролаг Вольга Галубінская, піша telegraf.by.
«Ён адрозніваецца ад мігрэні, бо такі галаўны боль (пры «омікроне» - рэд.) больш сціскае ўсю галаву, а не адзін бок», - удакладніла лекарка.
Паводле яе слоў, адбываецца гэта праз тое, што каранавірус пранікае праз гематаэнцэфалічны бар'ер, дзе «можа выклікаць ацёк, і ўзнікне гіпертэнзійны галаўны боль».
Вольга Галубінская адзначыла, што зняць болевыя адчуванні пры заражэнні каранавірусам дапаможа выкананне некалькіх правіл.
«Пры галаўным болі варта выконваць спакой, нікуды хадзіць не трэба, калі галаву цяжка падняць. Пры гэтым трэба больш піць воды, прыняць анальгетыкі і вітамін C. Можна яшчэ прахалодную павязку завязаць на галаве», - парэкамендавала лекарка.
Раней галоўная лекарка 10-й гарадской паліклінікі ў Менску Святлана Цабкала на падставе звестак пра сённяшніх пацыентаў распісала па днях сімптомы штаму «омікрон».
«Першыя дзень-два хваробы - закладзенасць носа, часам з выдзяленнямі. Чалавек размаўляе з такім характэрным французскім пранонсам. Таксама ў першыя два дні хваробы - галаўны боль, павышаецца тэмпература цела. У адных яна невялікая, у другіх высокая. Каму як пашанцуе. Потым пачынае вельмі моцна балець горла, як пры ангіне, з'яўляецца слабасць. Далей - сухі прыступападобны кашаль. Хвароба доўжыцца звычайна тыдзень. А пасля ўсё сыходзіць. Ніякіх сімптомаў», - распавяла яна.
Са слоў лекаркі, хворым на «омікрон» лекары прызначаюць для зніжэння высокай тэмпературы - гарачкапаніжальныя, для палягчэння прыступаў кашлю - адхарквальныя сродкі.
Святлана Цабкала адзначыла, што звычайна пры «омікроне» «да запалення лёгкіх не даходзіць», але ў паджылых людзей, людзей з сэрцава-судзіннымі захворваннямі або лішняй вагай «існуе рызыка ўскладненняў з боку іншых органаў і сістэм».