11 снежня 2024, Серада, 11:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША зноў расце колькасць заражэнняў COVID-19

1
У ЗША зноў расце колькасць заражэнняў COVID-19

Новая хваля выкліканая мутацыяй пад назвай BA.2.

На нацыянальным узроўні і ў большасці штатаў ЗША расце колькасць выпадкаў захворвання на каранавірус пасля двухмесячнага спаду, які назіраўся ў краіне. Паводле звестак экспертаў новая хваля выкліканая мутацыяй пад назвай BA.2, якая лічыцца прыкладна на 30% больш заразнай, чым ранейшы штам, паведамляе "Голас Амэрыкі".

Паводле звестак Універсітэта Джонса Гопкінса, сабраных «Асашыэйтэд Прэс», на чацвер сярэдні штотыднёвы прырост новых выпадкаў вырас да 39521 выпадку штодзень, у параўнанні з 30724 двума тыднямі раней.

Са слоў экспертаў, цяперашні ўсплёск крыху згладжваецца больш высокім узроўнем імунітэту амэрыканцаў, сфармаваным у выніку вакцынацыі.

На гэты момант найбольшыя паказчыкі распаўсюджвання на паўночным усходзе ЗША - там зафіксавана больш за 90% новых інфекцый, выкліканых штамам BA.2 на мінулым тыдні, у параўнанні з 86% у цэлым у краіне. За апошнія 14 дзён самыя высокія паказчыкі новых выпадкаў COVID-19 на 1 жыхара былі ў Вэрмонце, Род-Айлэндзе, Алясцы, Нью Ёрку і Масачусэтсы.

Сталіца ЗША - Вашынгтон - таксама ўваходзіць у першы дзясятак у колькасці новых выпадкаў заражэння.

Паводле звестак Універсітэта Джонса Гопкінса ў некаторых штатах, такіх як Род Айлэнд і Нью Гэмпшыр, сярэдняя колькасць новых выпадкаў за дзень вырасла больш чым на 100% за два тыдні. Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Род Айлэнда Джозэф Вэндэлькен заявіў, што паказчыкі шпіталізацыі на гэты момант застаюцца параўнальна нізкімі. Паводле ягоных слоў цяпер блізу 55 пацыентаў з COVID-19 шпіталізаваныя, у той час як падчас пандэміі гэты паказчык мог дасягаць 600 чалавек. Пры гэтым 99% дарослых жыхароў Род Айлэнда вакцынаваныя хаця б адной дозай вакцыны, а 48% атрымалі дадатковую дозу-бустэр, якая, на думку навукоўцаў, з'яўляецца ключавым чыннікам абароны ад цяжкага працякання хваробы.

У Вермонце, дзе таксама параўнальна высокі ўзровень вакцынаваных, пацыентаў у шпіталях менш, чым сярод хвалі штаму "Омікрон". Са словах прадстаўніка мясцовай сістэмы аховы здароўя Марка Левіна, колькасць шпіталізацый і колькасць пацыентаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі крыху павялічылася, хаця смяротнасць не вырасла.

Звесткі Цэнтраў кантролю і прафілактыкі захворванняў паказваюць, што колькасць новых шпіталізацый пацыентаў з пацверджаным COVID-19 трохі павялічылася ў Новай Англіі і Ньюёрскім рэгіёне.

Эксперты кажуць, што ў той час як новая хваля віруса распаўсюджваецца па краіне, штаты з нізкім узроўнем вакцынацыі могуць сутыкнуцца са значна большай колькасцю інфекцый і цяжкіх выпадкаў, якія патрабуюць шпіталізацыі.

Раней Філадэльфія стала першым вялікім местам ЗША, якое аднавіла абавязковы рэжым нашэння масак у памяшканнях на фоне імклівага росту колькасці інфекцый.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках