У Расеі пікавы прырост кавіду з сакавіка бягучага года
2- 7.08.2022, 16:09
- 7,534
Рост заражэнняў каранавірусам у РФ фіксуецца ўжо пяты дзень запар.
У Расеі дзённы прырост новых заражэнняў каранавіруснай інфекцыяй упершыню з канца сакавіка перавысіў 20,3 тыс. выпадкаў. «На стан 7 жніўня ў РФ выяўлена 20303 новыя выпадкі COVID-19. Колькасць шпіталізацый за дзень склала 1505 чалавек і знізілася ў параўнанні з папярэднімі суткамі на 29,7%», – паведаміў аператыўны штаб у нядзелю, 7 жніўня.
Паводле звестак аперштаба, павелічэнне колькасці шпіталізацый адзначана ў 12 суб'ектах РФ, зніжэнне – у 63 рэгіёнах, у 10 суб'ектах сітуацыя стабільная. Ад наступстваў кавіду за мінулы дзень памерлі яшчэ 44 чалавекі (напярэдадні – 46). Рост заражэнняў каранавірусам у Расеі фіксуецца ўжо пяты дзень запар.
Раней кіраўніца Расспажыўнагляду Ганна Папова паведаміла, што ў Расеі на фоне з'яўлення новых больш заразных падварыянтаў каранавірусу адзначаецца рост захворвання, пры гэтым неабходнасці вяртаць каранавірусныя абмежаванні на федэральным узроўні пакуль няма.
У цэлым у Расеі за ўвесь час пандэміі выяўлена 18712699 выпадкаў каранавірусу, ад наступстваў заражэння памёр 382741 чалавек. Паводле звестак партала Worldometer, Расея займае дзясятае месца ў свеце ў колькасці заражэнняў каранавірусам.