Міністэрства аховы здароўя Беларусі скасавала рэкамендацыі пра каранавірус
4- 30.08.2023, 20:45
- 6,604
Рэкамендацыі скасоўваюцца з 1 верасня.
Міністэрства аховы здароўя 28 жніўня лістом паінфармавала пра скасаванне рэкамендацый пра COVID-19 з 1 верасня гэтага года. Пра гэта паведамляе сталічны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Гаворка ідзе пра скасаванне:
рэкамендацый пра прафілактыку COVID-19 пры арганізацыі адукацыйнага працэсу;
часовых рэкамендацый пра прафілактыку заносу і распаўсюджвання COVID-19 пры арганізацыі працы аздараўленчых і санаторна-курортных арганізацый;
метадычных рэкамендацый пра прафілактыку COVID-19 у арганізацыях;
рэкамендацый пра прафілактыку каранавіруснай інфекцыі (COVID-19) у арганізацыях, якія ажыццяўляюць дзейнасць ва ўтрыманні і абслугоўванні жывёлаў;
рэкамендацый пра прафілактыку каранавіруснай інфекцыі (COVID-19) у ходзе дзейнасці рэлігійных арганізацый.
Пры гэтым ва ўстанове нагадалі, што неабходнасць выканання патрабаванняў Санітарных нормаў і правілаў «Патрабаванні да арганізацыі і правядзення санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне заносу, узнікнення і распаўсюджвання грыпу і інфекцыі COVID-19» захоўваецца.
Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) скасавала рэжым надзвычайнай сітуацыяй у галіне аховы здароўя праз каранавірус у траўні 2023 года. Тады арганізацыя падкрэсліла, што пандэмія яшчэ не скончылася.
Паводле звестак САЗ, з 17 ліпеня да 13 жніўня гэтага года было зафіксавана 1,4 млн выпадкаў заражэння каранавірусам. Паведамленні пра хворых паступілі са 104 дзяржаваў. Самы вялікі рост захворвання быў зафіксаваны ў Заходне-Ціхаакіянскім рэгіёне – на 97%. У астатніх рэгіёнах, у тым ліку Еўропе, ён знізіўся.
Нагадаем, якая сітуацыя з захворваннем на каранавірусы ў Беларусі – невядома. Апошні раз Міністэрства аховы здароўя публікавала статыстыку захворвання на каранавірус 1 ліпеня 2022 года.