Беларускія археолагі: Старажытны горад на Менцы з'явіўся ў канцы Х стагоддзя
7- 11.10.2024, 21:15
- 4,810
Потым горад быў перанесены на месца, дзе зліваліся рэкі Свіслач і Няміга.
Даследнікі даказалі зараджэнне старажытнага горада на рацэ Менка ў канцы Х стагоддзя. Такую навіну журналістам БелТА паведаміў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам цяпер праводзяцца раскопкі на Менцы.
Працамі ў 2023 і 2024 гадах кіраваў археолаг Андрэй Вайцяховіч. У наступным годзе іх плануюць прадоўжыць.
Падчас раскопак археолагі знайшлі ўнікальныя драўляныя канструкцыі і артэфакты. З іх дапамогай навукоўцы змаглі зрабіць новыя высновы пра гісторыю Менска. Яны прыйшлі да высновы, што старажытны Менск быў заснаваны на Менцы, а потым перанесены на месца, дзе зліваліся рэкі Свіслач і Няміга.
Паводле словаў кіраўніка раскопак Андрэя Вайцяховіча, навукоўцы за два гады даследаванняў ужо атрымалі асноўныя вынікі. За гэты час яны даследавалі ўнутрывальныя канструкцыі і цалкам вывучылі іх знешні выгляд, час, калі яны былі ўзведзеныя і тое, што з імі будзе далей, іх канструкцыйныя асаблівасці.
«І мы можам са стаадсоткавай упэўненасцю сцвярджаць, што гэта тыповыя дрэва-земляныя ўмацаванні для старажытнарускага горада, якія былі ўзведзеныя ў самым канцы X – пачатку XI стагоддзя. Гэта значыць, горад зарадзіўся ў 990-я гады. Гэтыя ўмацаванні былі сапраўды значнымі і сваімі памерамі не саступалі ўмацаванням, якія былі выяўленыя ў Менску на Свіслачы. Гэта ў прынцыпе раўнацэнныя магутнасцю гарадскія сцены, але яны створаныя паводле розных тэхналогіяў, бо будаваліся ў розны час. На Менцы горад з'явіўся раней. Тут класічная гарадская структура – гэта дзяцінец, вакольны горад і гарадскія пасады», – расказаў Вайцяховіч.
Таксама была праведзеная праца на пасадах і дзядзінцы малога гарадзішча. Археолагі змаглі выявіць сляды пражывання дружыны – дарагую зброю, а таксама рэдкія элітарныя рэчы.
Навукоўцы зафіксавалі шэраг пажараў, прычынай якіх былі вайсковыя дзеянні. Таксама яны ўзялі ўзоры, каб правесці радыевугляродны аналіз і вызначыць дакладную дату, калі на месцы старажытнага горада праводзіліся ваенныя напады. Потым звесткі супаставяць з гістарычнымі падзеямі.
«Мы можам на 100% сцвярджаць, што гэта буйны горад, росквіт якога прыпаў на XI стагоддзе. У канцы XI стагоддзя ён паступова прыйшоў у заняпад, і да сярэдзіны XII стагоддзі жыццё тут цалкам спынілася. Мы можам гэта звязваць з узнікненнем новага горада на Свіслачы, бо цэнтр быў перанесены туды», – заўважыў кіраўнік раскопак.
Ён таксама прызнаўся, што ёсць адно пытанне, на якое археолагі пакуль не ведаюць дакладнага адказу. Рэч у тым, што падчас раскопак спецыялісты знайшлі пахаванні, якія не павінны быць на гэтым месцы. Яны маглі быць толькі ў тым выпадку, калі ў старажытным горадзе на Менцы быў храм. Навукоўцы вылучылі гіпотэзу, што ў паўднёвага ўваходу ў гарадзішча стаяла царква, каля якой і хавалі людзей у XI–XII стагоддзі.
Каб даказаць ці аспрэчыць гіпотэзу, археолагі правядуць у наступным годзе раскопкі на меркаваным месцы, дзе раней быў храм.
«Дарэчы, версія пацвярджаецца тым, што мы летась знайшлі недалёка пераноснае кадзіла», – заўважыў Андрэй Вайцяховіч.
Навукоўцы заўважаюць, што гэтае месца з'яўляецца знакавым як для Беларусі, так і для ўсёй Усходняй Еўропы – раскопкі на Менцы пацвердзілі, што тут раней існаваў паўнавартасны горад ХI стагоддзя, у якім былі ўлады, дружына, гандаль і які быў супастаўным з усімі вядомымі на той час гарадскімі цэнтрамі.
Пасля таго як буйныя раскопкі закончаць, на Менцы плануюць стварыць музей.