1 снежня 2024, Нядзеля, 5:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Логіка папярэдніх гадоў цалкам зняпраўджаная

11
Логіка папярэдніх гадоў цалкам зняпраўджаная

Чаму толькі санкцыі могуць выратаваць палітвязняў?

Радыё «Свабода» нядаўна апублікавала спіс лабістаў скасавання санкцый. Спіс зусім не поўны, але паказальны. Лабісты, натуральна, з беларусаў.

Дзякуй радыё за кваліфікаваны сігнал. Прафесіяналы, што сказаць…?

Прозвішчы лабістаў называць не буду, шмат гонару. Да таго ж яны былі і ёсць на сто адсокаў прадказальныя.

Пастараюся чарговым разам, на вялікі мой жаль, растлумачыць, чаму гандаль санкцыямі - гэта не проста дрэнна, а вельмі дрэнна.

Здавалася б, адбыўся чарговы рух маятніка, калі Захад стамляецца ад уласных мераў і пачынае абмяркоўваць, што «нічога не працуе, затое наш бізнэс пакутуе». І гэты момант - самы небяспечны для Беларусі.

Папярэдні такі «маятнікавы ход» адбыўся ў 2015 годзе, праз пяць гадоў пасля відавочнай паразы Лукашэнкі на арганізаваных ім «выбарах» 2010 года і жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі.

Тады Еўразвяз, насуперак сваім жа ўмовам, усяго тром, якія неабходна было выканаць дыктатуры для нармалізацыі стасункаў з грашовым Захадам, плюнуў на свае ж прынцыпы і пачаў на ўсю моц абслугоўваць свае інтарэсы, а не прынцыпы.

Вынік?

Можа, хто не памятае?

Нагадаю.

Захад на ўсю моц пачаў гандляваць з рэжымам Лукашэнкі, у тым ліку ўзбройваць яго для барацьбы з народнымі хваляваннямі ў будучыні.

У 2020-м годзе ўвесь гэты бізнэс абрынуўся на галовы мірных беларускіх пратэстаў: канадскія вадамёты, устаноўленыя на нямецкіх і італьянскіх грузавіках, нямецкае паліцэйскае абмундзіраванне, уключаючы гумовыя дубінкі, польскія святлошумавыя патроны і гумовыя кулі, чэшскія святлошумавыя гранаты, зброю ЗША, Аўстрыі…

Здавалася б, можна было зрабіць больш-менш лагічныя высновы з гісторыі «маятнікавых» стасункаў з рэжымам Лукашэнкі і гэтым разам не адыходзіць ад сваіх жа прынцыпаў-пастаноў.

Аднак зноў пачынаюць шукаць шляхі, абыходныя і не вельмі, каб дапамагчы рэжыму Лукашэнкі, які безнадзейна хворы і выжыў з розуму.

Менавіта так варта ўспрымаць усе размовы аб зняцці санкцый як у ранейшыя перыяды беспрынцыповых пастаноў дэмакратычных краін, так і зараз.

Толькі сёння ўсе гэтыя знаёмыя манеўры ў шмат разоў больш небяспечныя, чым раней. Я б нават сказаў – смяротна небяспечныя як для беларускай дзяржавы, так і для яе грамадзян.

Папярэдні досвед беспакаранасці за злачынствы супраць чалавечнасці, якія рэжым чыніць ужо амаль 30 гадоў, прывёў да таго, што Лукашэнка ад страху закінуў маятнік так далёка ў бок яшчэ большых злачынстваў і рэпрэсій, што ніякага звароту нават да дутай лібералізацыі ўжо не будзе.

Логіка папярэдніх гадоў поўнасцю знішчаная.

Страх унутры рэжыму не дазваляе нават думаць аб паслабленні рэпрэсій.

Тысячы палітвязняў (дакладнай колькасці якіх мы не ведаем, але яна відавочна значна вышэйшая за афіцыйна абвешчаную), штодзённыя арышты, суды і пасадкі азначаюць, што ніякіх чырвоных ліній у рэжыму не засталося.

Акрамя ўсяго іншага, такія істэрычныя пераследы іншадумцаў азначаюць, што рэжым імкнецца дамагчыся зняцця санкцый не толькі без вызвалення ўсіх палітвязняў, але нават не змяншаючы іх колькасці, неабходную для падтрымання страху ў грамадстве.

Больш за тое, рэжым не збіраецца выпускаць найбольш небяспечных з яго пункту гледжання палітвязняў. А іх дзясяткі, калі не сотні.

Калі мы чуем любыя прапановы аб зняцці санкцый, якія зыходзіць з апазіцыйных ці псеўдаапазіцыйных колаў, трэба разумець, што гэтыя добраахвотныя памочнікі рэжыму заклікаюць размяняць вызваленне некалькіх палітвязняў, на думку рэжыму, на жыцці тых, якіх Лукашэнка імкнецца знішчыць фізічна.

Гэта раней рэжым забіваў цішком, цяпер ён робіць гэта адкрыта і дэманстратыўна, забіваючы падчас мірных дэманстрацый пратэсту, забіваючы ў турмах і калоніях.

Зняцце санкцый будзе азначаць выдачу рэжыму Лукашэнкі ліцэнзіі на забойства ў турмах Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Ігара Аліневіча, Віктара Бабарыка і многіх іншых.

Супрацьстаяць звар'яцелым карнікам Лукашэнкі можна зусім не ўгаворамі і не зняццем санкцый, а толькі больш жорсткімі мерамі, усімі наяўнымі ў Захаду спосабамі ціску для вызвалення ўсіх без выключэння палітвязняў.

Андрэй Саннікаў, «Фейсбук»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках