Уладальнік Залатога мяча-2024 назваў чалавека, які дапамог яму стаць найлепшым у свеце
2- 29.10.2024, 11:25
- 4,064
«Прымусіў паверыць у сябе».
Апорны паўабаронца «Манчэстэр Сіці» і нацыянальнай каманды Гішпаніі Родры адрэагаваў на сваю перамогу ў намінацыі найлепшага футбаліста 2024 года паводле версіі France Football.
«Неймаверная ноч для мяне. Мне трэба падзякаваць многім людзям, France Football і УЕФА, усім, хто галасаваў за мяне. Я ведаю, што гэта асаблівы дзень для мяне, маёй сям'і і маёй краіны, я хацеў сказаць дзякуй маёй дзяўчыне, з якой сёння мы разам ужо восем гадоў. Дзякуй маёй маці за ўсе каштоўнасці, якія яна мне дала і ўсім астатнім маім сямейнікам.
І сябры, я не хачу забываць сваіх сяброў, таварышаў па камандзе «Манчэстэр Сіці», я знаходжуся ў найлепшым для мяне клубе ў свеце, я дзякую нацыянальнай камандзе Луіса дэ ла Фуэнтэ. Гэта перамога гішпанскага футбола для многіх гульцоў, якія не здабылі залаты мяч, такіх як Хаві, Іньеста, Касільяс.
Калі мне было 17, я сабраў рэчы, каб паехаць у «Вільярэал» і гуляць у Першым дывізіёне. Памятаю, аднойчы я сказаў «дастаткова» і патэлефанаваў бацьку ў слязах. Я ўклаў у гэта ўсё сваё жыццё, і мая мара згасала, і ён сказаў мне: Сапраўдны чалавек з каштоўнасцямі, які не арыентуецца на стэрэатыпы, можа стаць найлепшым гульцом у свеце. Я быў блізкі да таго, каб пакінуць футбол, але мой тата прымусіў мяне паверыць у сябе.
Я зразумеў, што калі хачу палепшыцца, мне трэба змяніць свой стыль. Атака дазволіла мне палепшыць сваю гульню. Мне падабаецца мая прафесія, і я стараюся быць лепшым. Я збіраюся адсвяткаваць гэта з тымі, хто быў са мной у цяжкія часы», - цытуе прамову Родры AS.
Вядома, што ў 2013 годзе праз «адсутнасць фізічнай сілы» Родры быў адлічаны з акадэміі «Атлетыка Мадрыд». Пазней ён трапіў у структуру «Вільярэала», дзе ў складзе першай каманды праявіў сябе ў Ла Лізе. Ужо ў 2018 годзе Родры падпісаў кантракт на 5 гадоў з Матраснікамі, а ў наступным сезоне стаў гульцом «Манчэстэр Сіці».