Ці можа ўкраінскі дрон збіць самалёт Пуціна?
12- Аляксандр Каваленка
- 7.10.2024, 18:43
- 20,162
Правяраем версію расейскіх СМІ.
Расейскі дыктатар Пуцін перастаў лётаць у Сочы праз страх за ўласнае жыццё пасля нападаў беспілотнікаў па аб'ектах у горадзе, паведаміла расейскае выданне "Агенцтва" са спасылкай на крыніцы.
Ці сапраўды ўкраінскія БПЛА могуць несці пагрозу для борта расейскага дыктатара? Такое пытанне сайт Charter97.org задаў украінскаму ваенна-палітычнаму аглядальніку групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандру Каваленку:
- Пачну з таго, якая адлегласць ад найбліжэйшай зоны верагоднага пуску ўкраінскіх беспілотнікаў да Сочы. Калі мы гаворым пра Херсонскую вобласць, то гэта прыкладна 700 кіламетраў, калі мы гаворым пра Запарожскую-500.
Калі адбываецца пуск беспілотнікаў з тэрыторыі Украіны па РФ, у пэўны момант, нават над часова акупаванымі тэрыторыямі, яны пачынаюць фіксавацца сродкамі СПА. Гэта не з'яўляецца чыннікам нечаканасці - яны фіксуюцца.
Сярэдняя хуткасць БПЛА - 180 км/г. Каб праляцець 500 кіламетраў да Сочы - яму трэба блізу трох гадзін. І тут узнікае пытанне: фіксуючы ўкраінскі беспілотнік, які па траекторыі палёту накіроўваецца ў Сочы, за тры гадзіны могуць папярэдзіць борт №1? Вядома ж, могуць.
Не думаю, што прычына таго, што Пуцін перастаў лётаць у Сочы - украінскія беспілотнікі. У мяне істотныя сумневы наконт гэтага.
Калі б ва Украіны былі, напрыклад, балістычныя ракеты з радыусам дзеяння 1000 км ці нават крылатыя ракеты з радыусам дзеяння да 700 км, то ў такім выпадку, так, можна было б казаць, што пэўная рызыка ёсць. Але калі мы гаворым пра беспілотнікі, даволі-такі павольную цэль, то пытанне ў іншым: збіць ці не збіць.
Расейская СПА ў пытаннях знішчэння ўкраінскіх беспілотнікаў, як мы бачым апошнім часам, мякка кажучы, не надта высокі ўзровень эфектыўнасці дэманструе, але самалёт на хуткасць 700-800 км/г ад беспілотніка сыдзе без праблем, атрымаўшы папярэджанне за 1-2 гадзіны.