У Беларусь прыйдуць халодныя масы з палярных шырот
- 10.11.2024, 14:29
- 9,120
Якім будзе надвор'е на наступным тыдні.
Сіноптык Дзмітры Рабаў папярэдзіў аб пагаршэнні надвор'я з 11 да 17 лістапада.
Згодна з прагнозам сіноптыкаў, з 11 да 17 лістапада ў краіне чакаецца пераменлівае надвор'е: восеньскае цяпло паступова адыдзе, і яго зменяць паўночныя вятры. Замест цёплага атлантычнага паветра прыйдуць халодныя масы з палярных шырот.
У пачатку тыдня надвор'е будзе вызначаць антыцыклон з цэнтрам над цэнтральнымі рэгіёнамі Расеі. Чакаецца воблачнае надвор'е без ападкаў, месцамі магчымы туман.
Панядзелак, 11 лістапада, уначы чакаецца ад -1 да +5°C, удзень +6…+9°C. У аўторак, 12 лістапада, тэмпература ўдзень да +8°C.
У сярэдзіне тыдня ападкаў не чакаецца. У начны і ранішні час магчымы слабы туман, галалёд. У сераду, 13 лістапада, уначы чакаецца ад -2 да +2 градусаў, а ўдзень - ад 3 да 6 са знакам плюс.
У другой палове тыдня надвор'е ў Беларусі канчаткова сапсуецца: будуць ападкі ў розных формах, узмацненне ветру, пахаладае.
Вецер прагназуецца заходні і паўночна-заходні, часам парывісты. У чацвер, 14 лістапада, у начны час будзе ад +1 градуса на паўднёвым усходзе і да +8 градусаў на захадзе. У пятніцу, 15 лістапада, прагназуецца пахаладанне да +3 градусаў.
У канцы тыдня ў краіне чакаецца пахаладанне. У некаторых раёнах магчымыя кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу, а таксама мокрага снегу. У суботу, 16 лістапада, уначы прагназуецца ад -6 да -3 градусаў. Удзень тэмпература паветра складзе ад -3 да 0 градусаў.
У нядзелю, 17 лістапада, будзе блізу 0 градусаў.