Цагляная труба пасярод поля на Гомельшчыне ўзрушыла сацсеткі
4- 10.11.2024, 20:16
- 14,250
За два дні ролік набраў амаль паўмільёна праглядаў.
Адзінокая цагляная труба вышынёй некалькі паверхаў пасярод прыбранага кукурузнага поля – такую незвычайную карціну зняла на відэа адна з карыстальніцаў відэаплатформы TikTok з Гомеля, чым паставіла ў тупік тысячы гледачоў. Яны выказалі дзясяткі версій пра прызначэнне загадкавай трубы, піша «Тэлеграф».
Відэа на сваёй старонцы апублікавала беларуска пад нікам @v.e.s.na. Паводле ейных словаў, такі незвычайны пейзаж можна назіраць на полі паміж вёскамі Неглюбка і Колбаўка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.
Яе пытанне, чаму труба стаіць самотна ў чыстым полі, па-сапраўднаму ўзрушыла сацсетку: за два дні 15-секундны ролік набраў амаль паўмільёна праглядаў і больш за 8 тыс. лайкаў, а каментатары накідалі з дзясятак версій прызначэння гэтай канструкцыі.
Безумоўна, не абышлося без гумару і іроніі.
@v.e.s.na Между Неглюбкой и Колбовкой #гомель #ветка #беларусь #неглюбка #колбовка ♬ Хару мамбуру - Ногу Свело!
«А як па-твойму лета прыходзіць? Топяць вось такія печы на вуліцы», – такі быў самы папулярны каментар, які набраў больш за 4 тыс. лайкаў гледачоў.
Іншыя жартаўлівыя версіі складаліся ў тым, што з дапамогай такой печкі абаграваюць палі, «каб кукуруза не мерзла», а таксама што гэта – комін таемнай «падземнай лабараторыі» або «труба, праз якую з-пад зямлі назіраюць за космасам», ці «падарунказборнік на Новы год, каб Дзед Мароз кідаў туды падарункі».
Аднак было нямала і практычных і вельмі праўдападобных каментароў. Нехта, напрыклад, выказаў меркаванне, што некалі на гэтым месцы стаяў дом, які згарэў, а труба засталася. Аднак гэтая версія не вытрымала крытыкі ўважлівых гледачоў: на трубе можна заўважыць металічныя клямкі, якія ўтвараюць своеасаблівую лесвіцу да самага верху – на звычайных комінах у дамах такія не робяць.
Аднак найбольш праўдападобная іншая версія – раней на гэтым месцы была цагельня.
«Так будавалі цагельні. Спачатку будавалі трубу, потым – лёгкія цэхі. Пасля выпрацоўкі цэх разбіралі, а трубу пакідалі. Дэмантаж і потым транспартаванне выходзіла дорага. На месцы новую зрабіць – танней», – растлумачыў адзін з гледачоў.
Іншы карыстальнік сацсеткі пацвердзіў гэтую версію, адзначыўшы, што падобныя трубы ад старых, яшчэ даваенных цагельняў можна ўбачыць і ў іншых раёнах Беларусі, напрыклад, у Гарадзенскай вобласці, непадалёк ад вёскі Клюкаўцы.