Таксісты, не ўключаныя ў рэестр, пайшлі на хітрасць
23- 13.11.2024, 12:25
- 32,108
Задаволеныя ўсе - і пасажыры, і кіроўцы.
З 1 лістапада кожны таксіст у Беларусі абавязаны патрапіць у рэестр аўтамабільных перавозак у нерэгулярных злучэннях - без гэтага праца немагчымая. Аднак некаторыя кіроўцы найбуйнейшага аператара, які дамінуе на рынку, здолелі знайсці ў юрыдычных тонкасцях пралаз, піша дзяржагенцтва «Минск-Новости».
Як вядома, у папулярным дадатку выкліку таксі можна выбраць опцыю дастаўкі пасылак. Пры гэтым кошт такой замовы будзе значна таннейшы, чым перавозка пасажыра. Такім чынам кіроўцы з пасажырамі знайшлі супольнае выйсце. Усё часцей людзі выклікаюць звычайнае таксі, выбіраючы… дастаўку. Кіроўцаў гэта таксама задавальняе - яны могуць, не будучы ў рэестры, сумяшчаць працу ў дастаўцы з перавозкай пасажыраў. Як гаворыцца, і авечкі цэлыя, і ваўкі сытыя.
Менскі таксіст Станіслаў прызнаецца, што так працуе ўжо тыдзень:
- Многія сталі выклікаць дастаўку, выкарыстоўваць яе як таксі. Не схаваю, я так і працую. Зразумейце, каб уступіць у рэестр, трэба выдаткаваць блізу 1000 рублёў - на навучальныя курсы, рэгістратар у салоне і інш. Таму многія "адсеяліся". А вы бачылі, колькі каштуе паездка зараз? Кошты выраслі ў 1,5-2 разы. Пасажыры зразумелі, што можна ездзіць старымі коштамі, замаўляючы «дастаўку». Гэта працуе.
Наш суразмоўца прызнаўся, што ў кампаніі ведаюць пра гэта, але заплюшчваюць вочы. Разумеюць, што інакш кіроўцаў будзе катастрафічна не ставаць і кошты вырастуць яшчэ больш. На пытанне, ці баіцца ён праверак з боку Транспартнай інспекцыі, Станіслаў адказвае:
- Вядома, рызыка ёсць. Але трэба неяк круціцца. Я далёка не адзіны. Многія так працуюць.
Дырэктар менскага “Таксі 135” Алег Радкевіч мяркуе, што гэта вельмі несправядлівая сітуацыя.
- Мы заўсёды працуем паводле закону. Нават да ўвядзення рэестра выконвалі ўсе тонкасці заканадаўства. Аднымі з першых нашы кіроўцы ўступілі ў рэестр. Тое, што іншыя перавозчыкі і кіроўцы дзейнічаюць незаконна, патрабуе прыняцця строгіх і дзейсных мер з боку Транспартнай інспекцыі. Закон павінен быць роўны для ўсіх. Інакш гэта ўжо парушэнне справядлівай канкурэнцыі, - мяркуе Алег Радкевіч.
Ён абураны і тым, што найбуйнейшы канкурэнт па-ранейшаму дапускае да паездак кіроўцаў, якія дагэтуль не ўключаныя ў рэестр.
У прэс-службе Мінтранса адзначылі, што ведаюць аб сітуацыі, якая склалася, але пакуль не гатовы даць падрабязны каментар.
- Вядзецца праверка, усё пракаментуем пазней, - падкрэслілі ў ведамстве.