У аварыі аўтобуса ў Польшчы пацярпелі шэсць беларусаў
3- 14.11.2024, 15:04
- 4,600
Яны былі дастаўленыя ў медыцынскія ўстановы.
У выніку дарожна-транспартнага здарэння з беларускім аўтобусам у Польшчы пацярпелі шэсць грамадзян Беларусі, якія былі дастаўленыя ў медыцынскія ўстановы. Аб гэтым паведамілі БелТА ў МЗС.
«Паводле інфармацыі праваахоўных органаў Польшчы, 14 лістапада на аўтастрадзе ў кірунку г. Познань адбылося ДТЗ з беларускім аўтобусам. У выніку ДТЗ пацярпелі шэсць грамадзян Беларусі, якія дастаўленыя ў медыцынскія ўстановы», - гаворыцца ў паведамленні.
ДТЗ адбылося 14 лістапада а 1.40 паводле мясцовага часу на 381-м км трасы А2. Транспартны сродак, у якім знаходзіліся 11 чалавек, рухаўся ў кірунку Познані. Паводле папярэдніх звестак, аўтобус з'ехаў з дарогі, упаў у кювет і перакуліўся.
«Аўтобус меў беларускія рэгістрацыйныя нумары. На месца здарэння былі накіраваныя шматлікія пажарныя падраздзяленні», - адзначаецца ў паведамленні польскіх экстранных службаў. На месцы працавалі 5 медыцынскіх выратавальных атрадаў і 6 пажарных разлікаў. Падчас выратавальнай аперацыі была перацятая адная паласа шашы.