3 снежня 2024, aўторак, 5:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За што беларусы траплялі ў Кнігу рэкордаў Гінэса

За што беларусы траплялі ў Кнігу рэкордаў Гінэса

Цуды балансу, хуткасць і сіла.

Кожны трэці чацвер лістапада цягам апошніх 20 гадоў святкуецца Сусветны дзень рэкордаў Гінэса. У 2024 годзе гэтая дата прыпала на 21 лістапада. Якімі дасягненнямі адзначыліся ў самай знакамітай Кнізе рэкордаў беларусы? Расказвае smartpress.by.

Хутчэй, вышэй, мацней

Больш за ўсё гінэсаўскіх рэкордаў у беларусаў у спорце. Так, некалькі разоў туды трапляў плывец Ігар Бокій, перамагаючы на розных спаборніцтвах паралімпійцаў. Яму належыць самы хуткі час на дыстанцыі 400 м вольным стылем сярод мужчынаў-паралімпійцаў у катэгорыі S13 (3 хвіліны 55,56 секунды), на 100 м вольным стылем (50,65 секунды), на 100 м батэрфляем (53,85 секунды).

Яшчэ адзін плывец, Ілля Шымановіч, фігуруе ў Кнізе з рэкордам, устаноўленым у 2021 годзе ў Эйндховэне, падчас заплыву на кароткай вадзе брасам на 100 метраў – 55,28 секунды.

Неаднаразова адзначаўся ў Кнізе гіравік Анатоль Яжоў. Там і самы вялікі час утрымання грузу на выцягнутых руках, і рэкордная вага, паднятая за адну хвіліну, і найбольшая вага, паднятая за адну гадзіну папераменным жымам гіры з падлогі…

Рэкорд у найбольшай колькасці медалёў, заваяваных на чэмпіянатах свету ў спартовай гімнастыцы сярод мужчынаў – 23 – належыць беларусу Віталю Шчэрбу.

Ну, і куды ж без Дар'і Домрачавай – уладальніцы найбольшай колькасці залатых медалёў, заваяваных жанчынамі-спартоўкамі ў зімовых алімпійскіх гульнях у біятлоне (чатыры).

Фітнэс ужо шмат гадоў з'яўляецца надзвычай папулярнай катэгорыяй рэкордаў Гінэса. І без беларусаў там таксама не абышлося. Алесе Вазміцэль – танцорцы на пілоне – належыць абсалютны рэкорд свету ва ўтрыманні на пілоне акрабатычнай фігуры «меч» – 1 хвіліна 24,62 секунды. Гэтую складаную пазіцыю (у шпагаце ўздоўж пілона ўніз галавой), «толькі невялікая колькасць спартоўцаў здольныя ўтрымліваць усяго некалькі секундаў», адзначаецца на сайце Кнігі рэкордаў.

«Кароль воркаўту» мянчук Максім Труханавец быў адзначаны за найбольшую колькасць падцягванняў на гімнастычных кольцах за адну гадзіну – 305 разоў.

Цуды балансу, гіганцкія габелены і азбука Морзэ

У 2001 годзе Беларусь адзначылася ў Кнізе рэкордаў Гінэса як краіна з самай высокай дзеллю жанчынаў у працоўнай сіле – 53,3%. А ў 2004 годзе патрапіла туды як дзяржава, дзе больш за ўсё кінатэатраў на душу насельніцтва (адзін кінатэатр на 2734 жыхары).

Магіляўчанін Аляксандр Бендзікаў у 1995 годзе склаў піраміду з 880 манетаў на рабро манеты, якая стаіць вертыкальна на іншай манеце, што ляжала на стале, а ў 2012 годзе – паклаў 20270 запалак на рыльца бутэлькі, а ў 2018 годзе – на плешку такіх самых цвікоў.

Беларус Андрэй Біндасаў у 2005 годзе ўстанавіў новы рэкорд хуткаснай радыётэлеграфіі. За хвіліну ён адбіў 230 знакаў змяшанага тэксту азбукай Морзэ.

Мастак Аляксандр Кішчанка стаў рэкардсмэнам Гінэса дзякуючы габелену ручной працы пад назвай «Габелен стагоддзя». На палотнішчы вышынёй 19 метраў на 14 метраў аўтар адлюстраваў вядомых асобаў мінулага і сучаснасці, а таксама падзеі светабудовы.

І яшчэ адзін рэкорд быў зроблены не беларусамі, але для Беларусі. У 2009 годзе нямецкая фірма Walbusch, якая спецыялізуецца на выпуску адзення, пастанавіла па-свойму дапамагчы яшчэ толькі стваранай тады SOS-Дзіцячай вёсцы ў нашай краіне. Кампанія пашыла гіганцкую кашулю на гузіках памерам 53,7 на 65,4 метра, і ўсю выручку ад гэтай рэкламнай акцыі накіравала на падтрымку праекту.

Як з'явілася Кніга рэкордаў Гінэса?

Кніга рэкордаў Гінэса – даведачнае выданне, якое змяшчае звесткі пра ўнікальныя з'явы, выдатныя дасягненні чалавецтва, сусветныя рэкорды, кур'ёзы ў прыродзе.

Кніга атрымала сваю назву ў гонар вядомай ірландскай піваварнай кампаніі Arthur Guinness Son & Co. Ідэя стварэння Кнігі належыць выканальнаму дырэктару гэтай кампаніі Х'ю Біверу, які аднойчы ўвечары пасля палявання паспрачаўся з сябрамі, ці з'яўляецца ржанка самай хуткай птушынай дзічынай у Еўропе. Ну, а пасля Біверу прыйшла думка, што нядрэнна было б мець кнігу, у якой можна знайсці адказы на пытанні з серыі «хто самы…».

Першая Кніга рэкордаў выйшла ў свет у Лондане 27 жніўня 1955 года тыражом некалькі тысячаў экзэмпляраў. А ў лістападзе 1974 года сама патрапіла ў яе, стаўшы самай папулярнай кнігай у гісторыі выдавецкай справы – яна была распрададзеная колькасцю 23,9 млн асобнікаў.

Першапачаткова кніга ўключала правераныя навуковыя факты, потым у яе сталі ўваходзіць дзіўныя і незвычайныя дасягненні розных людзей.

Пры гэтым стваральнікі Кнігі рэкордаў Гінэса адзначаюць, на старонкі іх выдання трапляе толькі малая частка ўсіх рэкордаў у свеце. А каб зафіксаваць свой рэкорд, трэба прайсці даволі доўгі працэс.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках