Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Гішпаніі
1- 22.11.2024, 9:39
- 2,790
За яго прагаласавалі ўсе сябры журы.
Беларус Уладзіслаў Хандогій атрымаў першую прэмію 24-га міжнароднага конкурсу піяністаў "Кампазітары Гіпаніі" (CIPCE), які закончыўся 16 лістапада. Пра гэта паведамляе выданне "Беларусь і свет".
Наш 22-гадовы суайчыннік быў прызнаны пераможцам аднагалосна ўсімі 13 чальцамі журы - музычнымі экспэртамі з Гішпаніі, Грузіі, Кубы, Нямеччыны, ЗША, Харватыі, Кітая, Бэльгіі, Партугаліі і Італіі.
Другі прыз не прысуджаўся. Трэці, зноў жа паводле аднагалоснай пастановы чальцоў журы, падзялілі Чэнь Чжылінь з Кітая і Марта Тэхера Фернандэс з Гішпаніі. Апошняй таксама прысудзілі прэмію за найлепшую інтэрпрэтацыю гішпанскай музыкі.
Конкурс праходзіць штогод і праводзіцца ў прадмесці гішпанскай сталіцы - населеным пункце Лас-Росас-дэ-Мадрыд, у мясцовай Канцэртнай зале Хаакіна Радрыга. Ён прысвячаецца кожны раз творчасці аднаго з гішпанскіх кампазітараў.
У спаборніцтве могуць браць удзел піяністы з кожнай краіны ва ўзросце да 36 гадоў. Ёсць чатыры этапы: онлайн-адбор, другі тур (удзельнічаюць максімум 46 чалавек), паўфінал (максімум 10) і фінал (максімум 3).
Цяперашні конкурс быў прысвечаны кампазітару Томасу Марка. Усе ўдзельнікі сярод іншых твораў мусілі выконваць і яго працы. Аднак у фінале выконваўся канцэрт для фартэпіяна з аркестрам. Усе фіналісты гралі Рахманінава.