На выходных у Беларусі будзе "рэпетыцыя" зімы
1- 22.11.2024, 9:54
- 4,392
Сіноптыкі падзяліліся прагнозам.
У выходныя ў Беларусі працягнецца «рэпетыцыя» зімы са снегам, галалёдзіцай і парывістым ветрам. Уначы будзе халадаць да -7°С, паведамляе Белгідрамет.
Ужо ў пятніцу, 22 лістапада, удзень па паўднёвым усходзе Беларусі месцамі чакаюцца моцны снег, мокры снег і наліпанне мокрага снегу. На асобных адцінках дарог - галалёдзіца. Вецер паўднёвы сярэдні, днём парывісты. Тэмпература паветра ўдзень -2...+3°С.
Абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі праз галалёдзіцу.
У суботу, 23 лістапада, воблачна з праясненнямі. Уначы на большай частцы краіны, днём месцамі пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег. У асобных раёнах - наліпанне мокрага снегу. На дарогах месцамі захаваецца галалёдзіца. Вецер сярэдні, месцамі парывісты, удзень у асобных раёнах па захадзе моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу 0...-7°С, удзень -2...+3°С.
У нядзелю, 24 лістапада, захаваецца няўстойлівае надвор'е. Воблачна з праясненнямі. Уначы на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег. У асобных раёнах - слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу -6...+1°С, максімальная днём -2...+3°С.