Учыніць дэбош: Беларус набыў незвычайны пакой і адкрыў бізнэс
8- 23.11.2024, 15:37
- 7,284

Людзі прыходзяць туды, каб выпусціць пару.
Антыстрэс-прасторы – папулярная сёння штука. Канцэпцыі розныя: ад спакойнай і ўлагоджвальнай з прыемнай музыкай і арт-тэрапіяй да поўнага хаосу, дзе можна разнесці ўсё на трэскі.
Менавіта другой ідэяй і загарэўся юны прадпрымальнік з Менска Мікалай Кунцэвіч. У свае 21 ён надумаў набыць гатовы бізнэс і цяпер валодае пакоем з гаваркім назовам «Дэбош».
Як уладкаваная зала, дзе ўсё можна, расказвае Tochka.by.
Крушы-ламай
Каб зняць напружанне, у антыстрэс-пакоі ёсць усё неабходнае: пустыя шкляныя бутэлькі, посуд, тэлевізары, маніторы. Усім гэтым дабром можна смела запускаць у сцяну або біць па ім кавадлам і малатком.

Мікалай з адукацыі электрык. Працаваў і на заводзе, і на разборцы тэхнікі, і дастаўшчыкам, і адміністратарам. Але заўсёды хацелася нечага свайго.
Хлопец прызнаецца: ён далёка не першаадкрывальнік, але ідэя яму адразу спадабалася.
«Я хацеў мець сваю справу, шукаў нешта цікавае, думаў пра нейкую кавярню ці бар. Але тут трапіўся гатовы бізнэс – антыстрэс-пакой. І я падумаў, чаму б і не», – расказвае Мікалай.

На колькі абышлася пакупка, хлопец замоўчвае. Пра цяперашнія прыбыткі таксама гаворыць асцярожна: асабліва не лічыў, ці акупілася ўжо справа. На жыццё, гаворыць, стае.
Галоўнае, каб падабалася.

«Папярэдні ўладальнік бачыў ва ўсім гэтым такі спосаб зняцця стрэсу. Я ж бачу канцэпцыю шырэй – гэта яшчэ і выдатная забаўка, і спосаб незвычайна правесці час», – праводзіць экскурсію прадпрымальнік.
Знаходзіцца пакой у адным з былых цэхаў завода «Луч». Да незвычайнага арандатара пытанняў не ўзнікла: з памяшканнем можна было рабіць усё што хочаш. І разбураць тут прадметы таксама.
Мікалаю ж якраз і патрабаваўся падобны антураж: мінімум вынаходак, суровы завадскі лофт. Таму ўкладанні ў памяшканне пры пераездзе былі мінімальнымі: пафарбаваць сцены, нанесці пару малюнкаў, павесіць баксёрскую грушу і ланцугі.
Тэхніку збірае па ўсім Менску
Рэгулярны і заўсёды патрэбныя матэрыял – усё тое, што разбураюць кліенты.
«Усе ўкладанні – гэта фантазія і рэклама. Неяк мінулы ўладальнік на дзень святога Валянціна прапаноўваў кліентам разбіць піньяту, напоўненую крышкамі, – проста і крэатыўна, людзям спадабалася. Астатняе ўсё шукаю дзе магу», – дзеліцца Мікалай.

Блізу паўгода набіваў гузы – усё ж такі першы бізнэс. Даводзілася шукаць патрэбныя кантакты, пастаўшчыкоў тары і непатрэбнай тэхнікі.
Цяпер збірае тэхніку па майстэрнях з усяго Менска.
«Бачыў усё, мусіць. І дзіўныя старыя прадметы, і савецкую разнастайную тэхніку. Вось сабраў сабе працоўны кампутар з таго, што браў у майстэрнях. Часам трапляюцца нават працоўныя рэчы», – кажа хлопец.


Часам кліенты прыносяць старую тэхніку. Бутэлькі дастаюць з пунктаў прыёму, часам выкупляюць у бараў і рэстаранаў за бясцэнак. Сувязі ўжо наладжаныя.
Прыходзяць нават з псіхолагам
Вельмі частыя госці падобных антыстрэс-прастораў – кліенты псіхолагаў. Людзі прыходзяць сюды на сеанс, просяць адключыць на час камеру, дзеляцца патаемным, а потым выплюхваюць гнеў пад кіраўніцтвам спецыяліста.

ФОТА: TOCHKA.BY
«Неяк хацелі павесіць фатаграфію былога. Чаму б і не? Гэта такі спосаб экалагічна скінуць пару», – разважае Мікалай.
Часам забягаюць зладзіць дэбош і цэлымі офісамі – своеасаблівы тымбілдынг. Неяк нават пыталіся пра магчымасць арганізаваць выязны карпаратыў, але тут складаней – усё ж у прасторы больш бяспечна.


«Уразіла аднойчы, як дзяўчына разбурала тут усё пад класіку. І яшчэ прыходзілі тры дзяўчынкі, такія далікатныя і маленькія, а пасля іх усё дагары дном было», – кажа ўладальнік.
І дадае: спачатку ўсе вельмі асцярожна пачынаюць, саромеюцца, а потым уваходзяць у азарт.

Каб адвесці душу, можна абраць адзін з пяці пакетаў паслуг. Ад колькасці прадметаў залежыць і кошт. Мінімальны сэт – Br130.