28 лiстапада 2024, Чацвер, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр вядомы пінскі актывіст Рыгор Бурван

2
Памёр вядомы пінскі актывіст Рыгор Бурван
РЫГОР БУРВАН

Яму было 84 гады.

У ноч з 23 на 24 лістапада ў Пінску памёр вядомы ў горадзе педагог і грамадска-палітычны актывіст Рыгор Сямёнавіч Бурван, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Яму было 84 гады.

Рыгор Бурван шмат гадоў працаваў педагогам, быў дырэктарам школы.

Акрамя таго, ён актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці. Бурван быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з першага года яе існавання. Таксама ён быў адным з арганізатараў незалежнага прафзвязнага руху ў Пінску.

16 жніўня 2020 года ён выступіў на плошчы Леніна ў Пінску перад некалькімі сотнямі гараджанаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку праваахоўных органаў. За гэта яго праз месяц судзілі, але раскаяцца ў сказаным на пляцы 80-гадовы пенсіянер адмовіўся.

«Я даведаўся, што будзе мітынг у горадзе. Думаю, пайду і я, пагляджу на людзей, сябе пакажу. Пайшоў, паглядзеў, паслухаў, што людзі гавораць. Нармальныя людзі, вочы нармальныя, ніводнага наркамана я там не ўбачыў, ніхто там нікому нічога не дае. Людзі выступаюць, плачуць. Сярод прысутных на мітынгу шмат маіх вучняў. Падыходзяць, вітаюцца, рукі ціснуць. Я паслухаў, што яны гавораць, і пастанавіў выказацца наконт таго, што адбываецца са мной і з тымі, хто быў на плошчы. Папрасіў мікрафон і выступіў. Сышоў з трыбуны. Мае вучні падыходзяць да мяне, руку ціснуць, абдымаюць. Воплескі былі. А я думаю, а што я такога істотнага сказаў? Здаецца, нічога істотнага, проста выказаў сваё меркаванне. Але пасля таго, як людзі сталі падыходзіць, абдымаць, значыць, нешта я істотнае сказаў, нечым я крануў душу людзей…» – казаў ён у судзе.

Суд тады прызнаў Рыгора Бурвана вінаватым паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП – «удзел у няўзгодненым масавым мерапрыемстве», а паколькі часы былі даволі спакойныя, то толькі вынес яму папярэджанне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках