У банкіра, блізкага да беларускага рэжыму, у Маскве забралі нерухомасць
2- 26.11.2024, 10:05
- 6,830
Сам ён знаходзіцца ў турме.
Амаль тры дзясяткі маскоўскіх гандлёвых аб'ектаў і бізнэс-цэнтраў, звязаных з былым уладальнікам банка "Югра" Аляксеем Хоціным, былі канфіскаваныя судом на карысць дзяржавы. Як піша “Коммерсант”, агульная плошча канфіскаванай нерухомасці перавышае 1,5 млн кв. м.
Экспэрты рынку нерухомасці адзначаюць, што многія з гэтых аб'ектаў даволі старыя і патрабуюць рэнавацыі. Але амаль усе яны размешчаны ў месцах з добрай праходнасцю і транспартнай даступнасцю.
“Асноўная каштоўнасць гэтых аб'ектаў - гэта іх размяшчэнне. Нягледзячы на тое, што многія з іх ужо старыя, тым не менш у іх ёсць пул арандатараў, яны працуюць, і гэтыя месцы, скажам так, намоленыя, туды ходзяць людзі”, - пракаментаваў сітуацыю віцэ-прэзідэнт Маскоўскага Саюза гандлёвых цэнтраў Павел Люлін.
Спецыялісты гавораць, што сярод канфіскаваных аб'ектаў ёсць шмат цікавых. А самым “смачным кавалачкам” з іх называюць знакаміты “Гарбушкін двор” плошчай 60 тыс. кв. м у прэстыжным раёне на захадзе Масквы.
Магчыма, некаторыя з менш удачлівых праектаў зачыняць ці знясуць. А на іх месцы пабудуюць нешта новае. Дарэчы, нядаўна ў Маскве былі нацыяналізаваны такія важныя аб'екты з партфеля Аляксея Хоціна, як гатэль Four Seasons, размешчаны насупраць Крамля.
У СМІ Аляксея Хоціна, які з'яўляецца выхадцам з Беларусі, нярэдка называюць партманэтам Лукашэнкі.
Яшчэ ў верасні 2017 года падрабязна пісалася пра Хоціных і іх сувязі з “сям'ёй” Лукашэнкі: “Хоціны - выхадцы з Беларусі, займацца бізнэсам сталі пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі - у 1994г.
Першым іх прадпрыемствам стала кампанія вытворчасці беларускай касметыкі і парфумерыі "Белкасмекс". Ужо ў 1997г. бацька і сын пераязджаюць у Маскву, дзе арандуюць памяшканні ў мясакамбіната “Мікамс”, а затым выкупляюць іх за бясцань. Да 2004г. Хоціны ўжо валодаюць блізу 1 млн кв. м у Маскве. З некаторых звестках, гэты сямейны бізнэс актыўна падтрымліваўся беларускімі чыноўнікамі і сілавікамі, якія, як і прадпрымальнікі, перабраліся ў Расею. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што апекуном Хоціных з'яўляецца сам Лукашэнка”, - пісала “БелГазета”.