28 лiстапада 2024, Чацвер, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі ксёндз стаў ляўрэатам прэміі папскага фонду

1
Беларускі ксёндз стаў ляўрэатам прэміі папскага фонду
Раман Суша

Узнагароду ўручаць у Рыме.

Ксёндз Раман Суша стаў ляўрэатам прэстыжнай узнагароды Фонду Centesimus Annus — Pro Pontifice за дасьледаваньне мітадызайну ў лічбавую эпоху. Узнагароду ўручаць у Рыме.

Сёлета камісія Міжнароднай прэміі «Эканоміка і грамадзтва» пад кіраўніцтвам кардынала Райнгарда Маркса адзначыла, сярод іншых, працу беларускага сьвятара «Мітадызайн у лічбавую эпоху: этычнае і псыхасацыяльнае дасьледаваньне палітычных тэхналёгій». Пра посьпех беларускага ксяндза піша «Ватыканскае радыё».

Дасьледаваньне ксяндза Рамана Сушы прысьвечана аналізу фэномэну мітадызайну як стратэгіі канструяваньня калектыўных уяўленьняў. Аўтар прапануе разглядаць міт не як недасягальную ідэалізацыю легендаў, а як інструмэнт сацыяльнага і культурнага праектаваньня. Гэтая канцэпцыя блізкая да разуменьня тэхналёгіі ў філязофіі Гайдэгера, дзе яна становіцца сродкам надзеі і пераўтварэньня сьвету.

Асаблівую ўвагу ў дасьледаваньні аўтар удзяляе этычнаму аспэкту мітадызайну, які разглядаецца скрозь прызму сацыяльнага вучэньня Каталіцкай царквы. Аналіз мітадызайну дазваляе лепш зразумець, як мітычныя наратывы фармуюць калектыўныя ўяўленьні, што спрыяе больш інфармаваным і крытычным дыскусіям.

Праект рэалізуецца ў межах доктарскай праграмы ў Папскім унівэрсытэце сьвятога Тамаша Аквінскага пад кіраўніцтвам прафэсара Джыраляма Росі.

Міжнародная прэмія «Эканоміка і грамадзтва» накіраваная на ўшанаваньне дасьледнікаў, чые працы вылучаюцца арыгінальнасьцю і высокай якасьцю ў вывучэньні і прымяненьні сацыяльнага вучэньня Касьцёлу. Камісія Фонду штогод узнагароджвае маладых навукоўцаў, падтрымліваючы іх у распрацоўцы новых мадэляў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця.

Сёлета разам з ксяндзом Сушам ляўрэатам прэміі стаў таксама Энрыка Фрозіё з дасьледаваньнем пра парадыгму бэнэдыктынскай мэліярацыі ў інтэгральным разьвіцьці чалавечай асобы.

Цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца ў Рыме 27 лютага 2025 году, у рамках штогадовай канфэрэнцыі Фонду Centesimus Annus — Pro Pontifice.

Ксёндз Раман Суша нарадзіўся ў 1990 годзе ў Кіеве ў беларускай каталіцкай сям’і. Дзяцінства правёў у Коўне, а пазьней у Вялейцы, на радзіме бацькоў. У Пінску скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную сэмінарыю і абараніў магістарскую ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце Яна Паўла ІІ. Пасьля пасьвячэньня займаўся душпастырствам у касьцёле сьвятых Сымона і Алены ў Менску. Праходзіў навучаньне аб духоўнасьці і місіялёгіі ў Папскім Грыгарыянскім унівэрсытэце, дзе абараніў дактарат у тэалёгіі ў 2023 годзе.

У Папскім унівэрсытэце сьв. Тамаша Аквінскага спэцыялізаваўся ў сацыяльных навуках, а на Папскім факультэце сьв. Банавэнтуры, дзе цяпер практыкуе выкладчыкам, вывучаў дагматычную тэалёгію.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках