У Быхаўскім раёне сабакі выратавалі гаспадароў падчас пажару
2- 28.11.2024, 14:31
- 3,152
Прычынай сталі пакінутыя каля хлява вуглі, якія тлелі.
У вёсцы Седзіч Быхаўскага раёна сабакі выратавалі сваіх гаспадароў ад гібелі ў пажары.
Гаспадар дома ўвечары прачысціў ацяпляльны кацёл, а вуголле і попел вынес на двор і пакінуў каля хлява. Бліжэй да паўночы сям'я заснула.
А 4 раніцы людзей абудзіў гучны і дакучлівы брэх трох сабак, якія начавалі ў доме. Гаспадыня выйшла на кухню і ўбачыла ў акне, што шчыльна прылеглы да дома хлеў ахоплены полымем, паведамляе МНС.
Пажарныя, якія прыбылі па выкліку гаспадыні, не далі агню знішчыць дом, аднак хлеў цалкам згарэў: знішчаны дах, пашкоджанае перакрыцце, сцены і маёмасць.
Паводле папярэдніх звестак пажар пачаўся праз непатушанае вуголле, пакінутае каля хлява.