«Магутныя працэсы пачнуцца ўжо летам»
8- 28.11.2024, 14:37
- 25,346
Як эканамічныя праблемы Расеі могуць змяніць ход вайны.
Выданне Forbes піша, што ў Расеі, магчыма, пачынаюцца кадравыя праблемы і нястача людзей. І што гэта можа адбіцца на фронце. Ці сапраўды гэта так? Сайт Charter97.org папрасіў ацаніць сітуацыю ўкраінскага вайсковага аналітыка, палкоўніка запасу Узброеных Сіл Украіны Пятра Чэрніка:
- Калі казаць выключна пра вайсковы складнік, я не падзяляю гэты пункт гледжання, калі гаворка ідзе пра масавыя заклікі і мабілізацыю. Мы павінны разумець, што запас трываласці Расейскай Федэрацыі ў падрыхтаваным мабілізацыйным рэсурсе складае да трох мільёнаў чалавек - гэта дужа шмат. Калі ўлічыць, што іх паказчыкі мабілізацыі складаюць 42-45 тысяч на месяц, можна ўявіць, які яшчэ ў іх ёсць рэзерв.
Ёсць яшчэ адзін момант, які, на мой погляд, з'яўляецца міфам, што нібыта расейцы здольныя на нейкі бунт знізу. Яны не здольныя, гэта немагчыма. Толькі калі нейкая «вежа» Крамля надумае выкарыстаць натоўп для ўмоўнага трансферу Пуціна. Вось гэта можа быць. Аднак на гэты момант сцвярджаць, што ў іх ужо пачаліся сур'ёзныя праблемы, некарэктна.
- А калі паглядзець на вайсковы складнік — вайна знясільвае працоўныя рукі ў Расеі...
- Калі Савецкі Саюз не справіўся з праблемай нястачы працоўных рук, асабліва сярэдняга інжынернага звяна, то як Расея з гэтым можа справіцца? Я адназначна падзяляю гэты пункт гледжання. Асабліва гэта тычыцца кваліфікаванай рабочай сілы, тым больш у высокатэхналагічных галінах. Напрыклад, ракеты - гэта высокатэхналагічная прадукцыя, там не паставіш выхадцаў з Азіі, тых жа таджыкаў. Асабліва выхадцаў з Узбекістана, адкуль ідзе найбольшы прыток міграцыйных рабочых рук у Расею. Узбекістан цяпер перажывае пэўны «бэбі-бум», гэта значыць там высокая нараджальнасць, ідзе каласальны прырост насельніцтва.
Згодна з разлікамі афіцыйных структур Расейскай Федэрацыі, якія займаюцца гэтай праблемай, у наступным годзе ў іх будзе нястача рабочых рук менавіта ў сур'ёзных галінах, у тэхналагічных галінах, а абаронная прамысловасць – гэта тэхналагічная галіна. З часоў Савецкага Саюза яны выйшлі на паказчыкі 7-8% валавога прадукту на абаронную галіну. Гэта самы высокі паказчык на планеце. Скажам, тыя ж ЗША - да 3% ад агульнага ВУП. Хоць мы разумеем, што ВУП розныя, гэта таксама вельмі важны момант.
Дык вось, нястача менавіта такіх рук складзе блізу мільёна чалавек, гэта вельмі шмат. Менавіта таму цяпер уся інфармацыйная прастора перапоўненая звесткамі пра тое, што пачаўся вялікі працэс пошуку формулы выхаду Расейскай Федэрацыі з гэтай вайны, гэта значыць з фазы вайны, якая цяпер працягваецца ва Украіне. Я падзяляю гэты пункт гледжання.
- Можна сказаць, што ў гэтым і хаваецца ахілесава пята расейскага рэжыму?
- Як бы гэта спецыфічна ні гучала з маіх вуснаў, але пята не адна, іх шмат. І ўсё гэта назапашваецца, сублімуецца, канцэнтруецца ў адным пункце. Ёсць сур'ёзны момант у частцы зніжэння продажаў энэргарэсурсаў, гэтага ніхто не касаваў. Але яны змянілі акцэнты з еўрапейскага рынку на індыйскі і кітайскі, у іх каласальныя прыбыткі ад продажу збожжа.
Расейцам атрымалася пасля распаду Савецкага Саюза (дзякуючы, дарэчы, заходнім тэхналогіях апрацоўкі зямлі, выкарыстання мінеральных угнаенняў і гатункаў пшаніцы), увайсці ў пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў. Сёлета ў іх будзе 140 мільёнаў тон зернебабовых. Як бы гэта дзіўна ні гучала, яны прадаюць гэта ў тую ж Еўропу. Гэта значыць запас трываласці ў іх яшчэ ёсць.
Але калі глядзець на сітуацыю агулам, улічваючы тэхналагічны рэгрэс, зніжэнне паступлення валюты ад продажу рэсурсаў, а таксама навіны, што даляр пайшоў у гару, то можна меркаваць, што дзесьці да лета наступнага года пачнуцца магутныя працэсы, якія пачнуць даваць вынік.
Але тут важна не стаяць у чаканні неадкладнай катастрофы, якая павінна адбыцца ў Расейскай Федэрацыі. Чаму? Сапраўднай пастановы аб раскіданні Расейскай Федэрацыі няма. Гэта важна. Ці можна гэта зрабіць? Можна. Зазірнём у гісторыю: Маргарэт Тэтчар і Рональд Рэйган у 1980 годзе дамовіліся аб зніжэнні коштаў нафты, праз пяць гадоў яны гэта зрабілі. Пяць гадоў яны размаўлялі з Савудаўскай Арабіяй. Толькі Савудаўская Арабія можа гэта зрабіць. Знізілі кошт нафты ніжэй за 20 даляраў за барэль, такі кошт трымаўся паўтара года, і монстр абрынуўся. Маскоўскі імперыялізм жыве роўна пакуль у іх ёсць замежная валюта.
Успомнім часы Мікалая I, калі імперыя ледзь не абрынулася. Быў гэты бунт дзекабрыстаў, там шмат ідэалогіі, маўляў, змагаліся за свабоду, за правы і гэтак далей. Не, гэта толькі часткова праўда. Там больш эканомікі было. Брытанцы замянілі расейскі лён індыйскім джутам, гэта аналаг лёну, і ўсё, няма грошай – імперыі няма на што жыць. Тое ж самае адбылося ў пачатку стагоддзя. Еўропа замяніла расейскія зернебабовыя, пшаніцу ў першую чаргу, на амерыканскія і канадскія, і ўсё павалілася.
- Гэта значыць праблемы ў эканоміцы РФ могуць спыніць Пуціна?
- Вядома, але гэтыя праблемы павінны быць комплекснымі. Комплекснымі. Вось толькі тады будзе вынік.