Пратэстоўцы пайшлі на штурм парламента Грузіі
8- 30.11.2024, 8:52
- 19,140
Адбыліся жорсткія сутыкненні з паліцыяй.
У пятніцу ўвечары прыхільнікі апазіцыі выйшлі на чарговую шматтысячную вулічную акцыю пратэсту ў Тбілісі і іншых грузінскіх гарадах супраць вынікаў парламенцкіх выбараў, на якіх, паводле звестак ЦВК, перамагла прарасейская кіроўная партыя «Грузінская мара».
Сярод іншага, у сеціве з'яўляюцца кадры з грузінскай сталіцы, на якіх пратэстоўцы спрабуюць адчыніць браму будынка парламента. У адказ сілавікі ўжываюць вадамёты, збіваючы мітынгоўцаў з ног струменем вады.
«У гэтыя хвіліны некалькі пратэстоўцаў, нягледзячы на вадамёт, які працуе з унутранага двара, спрабуюць адчыніць браму ў Парламент Грузіі на Чычынадзэ», – піша Tbilisi life.
Таксама паведамляецца, што ў вадзе, якой пратэстоўцаў паліваюць з вадамётаў, утрымліваецца перац. Да пачатку разгону пратэстоўцаў вадамётамі, спецназ выкарыстоўваў пярцовы спрэй.
Спецназ паспрабаваў адагнаць удзельнікаў акцыі пратэсту ад будынка парламента, мітынгоўцы, у сваю чаргу, пачалі распальваць вогнішчы, сустракаючы сілавікоў. Грузінскія паблікі адзначаюць жорсткасць дзеянняў паліцыі ў дачыненні не толькі да пратэстоўцаў, але і да журналістаў. Сярод іншага, паведамляецца пра збіццё здымачнай групы тэлеканала «Пірвелі».
Тым часам прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заклікала супрацоўнікаў паліцыі адмовіцца ад ужывання сілы ў дачыненні да суграмадзянаў.