1 снежня 2024, Нядзеля, 5:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: За Трампам нас чакаюць рэзкія змены

18
Зміцер Бандарэнка: За Трампам нас чакаюць рэзкія змены
ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА
ФОТА: CHARTER97.ORG

Ад рэспубліканцаў дыктатарам не варта чакаць нічога добрага.

Рэспубліканец Дональд Трамп становіцца прэзідэнтам 47-м прэзідэнтам ЗША з вялікім адрывам на выбарах, рэспубліканцы бяруць большасць у Сэнаце і ніжняй палаце Кангрэса. Ці стаў вынік выбараў у ЗША сенсацыяй? Чаго чакаць ад палітыкі новага амэрыканскага прэзідэнта. Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам:

- Вынік быў прадказальны, бо на мінулых выбарах, калі перамог Джо Байдэн, у апытаннях у яго быў адрыў дзесьці на 6%. Калі Трамп стаў 45-м прэзідэнтам ЗША, апытанні паказвалі, што ў Хілары Клінтан будзе на 6% больш. Цяпер было зразумела, што калі ў дэмакраткі Камалы Гарыс няма такога запасу, яна саступіць на выбарах. Сенсацыя ў тым, што перамога была такая ўражлівая. Бо Трамп перамагае ва ўсіх «вагальных штатах», хаця там галасы яшчэ не да канца падлічаныя. Аднак экспэрты сцвярджаюць, што матэматычных шанцаў перамагчы ў Гарыс ужо няма. Таксама на перамогу Трампа паказваў такі паказчык, як «спіраль маўчання», калі большасць выбарцаў заяўлялі на апытаннях, што чакаюць перамогі Трампа.

Сенсацыя таксама ў тым, што рэспубліканцы перамаглі на выбарах і ў Сэнат, і ў ніжнюю палату Кангрэса. Падлік галасоў яшчэ не скончаны, але экспэрты і матэматыкі гавораць, што рэспубліканцы будуць кантраляваць і прэзідэнцкую ўладу, і Сэнат, і Кангрэс.

- Ёсць вельмі розныя ацэнкі магчымай замежнай палітыкі Трампа: хтосьці пачынае асцерагацца, хтосьці глядзіць з надзеяй на змены. Чаго чакаць ад новага прэзідэнта ЗША?

- Будуць рэзкія змены. Яны будуць заснаваны на эканамічных пастановах Трампа. Бо ён з'яўляецца вядомым пратэкцыяністам. Трамп заявіў, што падвысіць мыты на тавары не толькі з Кітая, але і Еўразвязу. Калі такія дзеянні будуць, гэта немінуча адаб'ецца на замежнай палітыцы. Мы павінны разумець, што нягледзячы на манаполію ўлады, якая чакае рэспубліканцаў, у ЗША існуе сістэма стрымак і проціваг, ёсць таксама і розныя пазіцыі ў Рэспубліканскай партыі. Рэспубліканскі істэблішмент вядомы тэндэнцыямі да падтрымкі лідарства ЗША ў свеце, а гэта значыць, што ў дыктатур не будзе магчымасці перамагаць.

Аднак постаць самога прэзідэнта ЗША ў замежнай палітыцы вельмі неадназначная. Многія выказваюць асцярогу, наколькі Трамп будзе спрыяць захаванню статусу-кво, калі дэмакратычныя краіны, краіны G-7 з'яўляюцца асноўнай стабілізацыйнай сілай у свеце. Яшчэ раз хачу паўтарыць, што ў Рэспубліканскай партыі заўсёды былі людзі, якія разумеюць, што без лідарства ЗША ў свеце краіна можа зазнаць хаос.

- Падчас перадвыбарнай кампаніі Трамп некалькі разоў казаў, што апусціць сусветныя кошты нафты ніжэй за 50 даляраў за барэль. Ці магчымы гэты сцэнар?

- З моманту тэхналагічнага прарыву, калі стала магчымым здабываць сланцавую нафту, ЗША радыкальна змянілі сітуацыю ў свеце. Цяпер цэны нафты не залежаць выключна ад жадання кіраўнікоў краін Блізкага Усходу. Амерыка можа хутка нарасціць пастаўкі нафты на сусветны рынак. Тут таксама існуе «залатая сярэдзіна», бо нафтавыя кампаніі ў ЗША сёння не бядуюць. Калі Трамп надумае выкарыстоўваць нафту як геапалітычную зброю і інструмент уздзеяння на некаторыя краіны, ён гэта зробіць.

- Галоўную асцярогу выклікае так званы «мірны план Трампа» ва Украіне, які ніхто не бачыў. Была больш жорсткая версія ад былога дзяржсакратара Майка Пампэа, былі больш згодніцкія прапановы ад дарадцаў штаба Трампа. Ці захаваецца падтрымка Украіны?

- Мне бліжэй пазіцыя былога кандыдата ў прэзідэнты ЗША, сэнатара Джона Макейна. Ён адкрыта заяўляў пра тыя дзеянні, якія павінны рабіць ЗША і называў Амерыку галоўным гарантам дэмакратыі ў свеце. Тут мы можам спадзявацца на супярэчлівасць паводзін Трампа, што ўсе перадвыбарныя абяцанні не будуць рэалізаваныя ў поўным аб'ёме. Мы ж ведаем, што ва ўсім свеце так адбываецца.

Многія аналітыкі гавораць, што Трамп выступае за лідарства ЗША, сваё індывідуальнае лідарства на сусветнай арэне. Не факт, што з гэтым пагодзіцца Пуцін, не факт, што дзеянні Трампа спадабаюцца дыктатарскім рэжымам у Расеі, Іране, Кітаі. Тут мы будзем з нецярпеннем чакаць, якія дзеянні Трамп зробіць.

Нагадаю, што ў 2016 годзе расейскія прапагандысцкія медыі радаваліся, што Трамп стаў 45-м прэзідэнтам ЗША, але высветлілася, што бачных прэферэнцый Расея не атрымала за ягоным кіраваннем, але менавіта за ім пачаліся пастаўкі амерыканскай зброі ва Украіну. Тыя ж знакамітыя Javelin, сістэмы СПА. Расейцы былі страшэнна расчараваныя. У гэтым плане, вядома, Трамп не зможа дзейнічаць аднаасобна. Ён будзе змушаны ўлічваць меркаванні вельмі шматлікіх адмыслоўцаў у міжнароднай палітыцы і бяспецы ў сваёй партыі.

- Ці захаваецца прынцыповая пазіцыя ЗША ў дачыненні да дыктатуры ў Беларусі?

- Сітуацыя ў Беларусі будзе залежаць ад сітуацыі ва ўсім рэгіёне і ў стаўленні ЗША да дыктатуры Пуціна. Мы залежым ад агульнай сітуацыі ў рэгіёне. Хацеў бы сказаць, што ніхто не зможа спыніць імкненні да свабоды Беларусі, Украіны, Грузіі і Малдовы - тых краін, якія не з'яўляюцца чальцамі ЕЗ і NАТО. Беларусы ў 2020-м годзе, украінцы раней, жыхары Малдовы і многія грузіны сёння заяўляюць аб тым, што хочуць жыць у свабодных і квітнеючых краінах, якія з'яўляюцца часткамі еўрапейскай цывілізацыі і еўраатлантычнага альянсу. Не трэба пра гэта забывацца. Беларускі народ застаецца суверэнам. Многае залежыць менавіта ад нас саміх.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках