Сабаленка саступіла Рыбакінай у матчы Выніковага турніру WTA
4- 6.11.2024, 20:50
- 3,546
Пры гэтым беларуска ўсё роўна выйшла ў паўфінал з першага месца, захаваўшы статус першай ракеткі планеты.
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка саступіла Алене Рыбакінай у заключным трэцім туры групавога этапу Выніковага турніру WTA.
Дзейная першая ракетка планеты саступіла пятаму нумару рэйтынгу, прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай – 4:6, 6:3, 1:6. Двубой доўжыўся 1 гадзіну 40 хвілінаў.
Пры гэтым раней Сабаленка перамагла ў кітаянкі Чжэн Цыньвэнь (6:3, 6:4) і італьянкі Ясмін Пааліні (6:3, 7:5). Гэтыя дзве перамогі датэрмінова вывелі Арыну ў паўфінал Выніковага турніру WTA з першага месца.
Разам з беларускай у 1/2 фіналу з фіялетавай групы выйшла і алімпійская чэмпіёнка-2024 Чжэн Цыньвэнь. 7 лістапада вызначацца іх спаборніцы.
У паралельнай аранжавай групе датэрмінова выйшла ў 1/2 фіналу амерыканка Коры Гаўф. Чацвёртай паўфіналісткай могуць стаць Іга Свёнтэк і Барбара Крэйчыкава – гэта вызначыцца ў апошнім туры.
Нагадаем, што паўфіналы Выніковага турніру WTA пройдуць у пятніцу, 8 лістапада, а фінал адбудзецца 9-га, у суботу.
Арына Сабаленка дзякуючы дзвюм сваім перамогам і асечцы Ігі Свёнтэк захавае статус найлепшай у рэйтынгу WTA незалежна ад вынікаў Выніковага турніру.
Агульны прызавы фонд турніру ў Саудаўскай Аравіі – $15,25 млн. Чэмпіёнка ў адзіночным разрадзе заробіць не менш як $4,45 млн. Год таму полька Іга Свёнтэк разграміла ў фінале Джэсіку Пегулу.
У сезоне-2024 Арына Сабаленка атрымала перамогу на двух турнірах Вялікага шалома – Australian Open і US Open. Акрамя вікторыі ва Ухане, у яе актыве трыюмф на WTA 1000 у Індыян-Уэльсе.