13 снежня 2024, Пятніца, 3:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

CNN расказаў шакавальныя факты аб вызваленых з сірыйскай турмы Садная

33
CNN расказаў шакавальныя факты аб вызваленых з сірыйскай турмы Садная

Дрыжаць, не гавораць і не ведаюць, хто яны.

Некаторыя са зняволеных у сірыйскай турме Садная, дзе іх утрымлівалі і катавалі, забылі свае імёны. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на прадстаўніка сірыйскай грамадзянскай аховы.

Са слоў Фарука Хабіба, які з'яўляецца намеснікам генеральнага дырэктара валанцёрскай арганізацыі Белыя шаломы, сярод вызваленых ёсць жанчына, якую затрымалі, калі ёй было 19 гадоў. Падчас знаходжання ў турме яе неаднаразова гвалтавалі і яна нарадзіла траіх дзяцей. Дзеці ніколі не выходзілі за муры турмы.

Іншыя людзі "страцілі розум" ці забыліся, хто яны, знаходзячыся ў зняволенні. Некаторыя не ведалі сваіх імёнаў ці адкуль яны родам, дадаў тэлеканал.

CNN адзначае, што нягледзячы на надзею, што ў турме будзе знойдзена вялікая колькасць зніклых без вестак, на момант падзення рэжыму Асада там знаходзілася толькі некалькі тысяч чалавек. Астатнія зняволеныя “былі альбо пакараныя, альбо пахаваны ў брацкіх магілах, альбо пераведзеныя ў іншыя месцы зняволення”.

Цяпер арганізацыя шукае іншыя таемныя турмы па ўсёй краіне і прапануе фінансавую ўзнагароду за інфармацыю. Са слоў Хабіба, яны ўжо атрымалі тысячы паведамленняў.

Тэлеканал дадае, што сама меней 200 тысяч сірыйцаў лічацца зніклымі без вестак, большасць з іх былі выкрадзеныя або затрыманыя рэжымам Асада.

Выданне Mail online дадае, што вызваленыя сірыйскія зняволеныя дрыжаць, не могуць размаўляць і маюць значныя праблемы з памяццю. Журналісты распавялі пра грамадзяніна Ярданіі Усама Башыр аль-Батаіна, які на гэтым тыдні быў вызвалены з турмы пасля 38 гадоў зняволення. Мужчыну арыштавалі ў 1986 годзе, калі яму было 18 гадоў, тады яго сям'я паведаміла пра знікненне.

У тым жа годзе, калі быў затрыманы Усама, сірыйскія салдаты арыштавалі яшчэ аднаго 18-гадовага студэнта ўніверсітэта Алі Хасана аль-Алі, які знаходзіўся за кратамі таксама да гэтага тыдня. Ягоная сям'я не бачыла і не чула пра яго амаль 40 гадоў, таму не адразу пазнала мужчыну.

Журналісты дадалі, што ў зняволенні знаходзіцца шмат замежнікаў, напрыклад, Сухейль Хамаві з Лівана, які 9 снежня вярнуўся ў сваю краіну пасля 33-гадовага зняволення.

Седная - турма, вядомая таксама як "чалавечая бойня" - гэта вайсковая турма паблізу Дамаска ў Сірыі, якую кантраляваў рэжым Башара Асада, а да таго - яго бацькі Хафеза аль-Асада. Турма выкарыстоўвалася для ўтрымання тысяч зняволеных як звычайных цывільных людзей, так і антыўрадавых паўстанцаў, апанентаў рэжыму і палітычных палонных.

Раней паведамлялася, што з вайсковай турмы Садная на поўнач ад Дамаска, дзе дыктатарскі рэжым сям'і Асадаў утрымліваў і катаваў людзей дзесяцігоддзямі, вызвалілі ўсіх зняволеных.

У турме Садная ўтрымлівалі блізу 150 тысяч чалавек. Сярод сірыйцаў яна набыла благую славу - за жорсткасць ахоўнікаў і катаванні, якія яны выкарыстоўвалі да зняволеных, яе звалі "бойня".

Пасля таго, як паўстанцам удалося зрынуць рэжым Башара Асада і ўзяць пад кантроль Дамаск, сталіцу Сірыі, сірыйскія паўстанцы пачалі вызваляць палонных з некаторых найбуйнейшых турмаў краіны.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках