12 снежня 2024, Чацвер, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін выводзіць з Сірыі дзве найважнейшыя базы і страчвае кантроль над Блізкім Усходам

4
Пуцін выводзіць з Сірыі дзве найважнейшыя базы і страчвае кантроль над Блізкім Усходам

Ёсць два магчымыя сцэнары развіцця падзей.

Пасля падзення рэжыму Башара Асада ў Сірыі Крэмль будзе вымушаны выводзіць з краіны ўсе вайсковыя базы, у тым ліку найбольш каштоўныя, размешчаныя на беразе Міжземнага мора - у Тартусе і Хмейміме. Гэтыя базы забяспечвалі Расеі фактычны кантроль над усім блізкаўсходнім рэгіёнам, яны былі чыннікам вайсковай сілы і аўтарытэту Крамля. Але дрэнная навіна для расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў тым, што ў яго няма дамоўленасці з сіламі, якія прыйшлі да ўлады ў Сірыі. У кожны момант яму могуць заявіць: прыхільнікі Асада не могуць знаходзіцца на нашай зямлі.

Ёсць два магчымыя сцэнары развіцця падзей: альбо “Хаят Тахрыр аш-Шам” з хаўруснікамі дасягнуць згоды, альбо ў краіне пачнецца грамадзянская вайна. У першым выпадку дазволу на прысутнасць расейскіх вайскоўцаў не будзе. У другім выпадку нікому не будзе справы да гэтых баз, але і гарантый іх бяспекі таксама не будзе. Разумеючы гэта, Крэмль ужо паспеў вывесці з Сірыі частку караблёў і самалётаў.

Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю OBOZ.UA распавёў расейскі праваабаронца Марк Фейгін.

- Сыход Пуціна з Сірыі - прыкмета сапраўдных праблем з утрыманнем кантролю? Ці могуць іншыя "кантралёры" скарыстацца сітуацыяй? Напрыклад, ці могуць зрабіць з гэтай гісторыі пэўныя высновы нацыянальныя ўскраіны РФ? Ці магчымыя там нейкія зрухі?

- Складана сказаць, як гэта звязана. Агулам, вядома, гэта натхняе, асабліва рухі на Каўказе, да супраціву. Тамака ёсць падполле. Але агулам тое, што адбываецца ў Сірыі, наўпрост не можа ўплываць на рэгіёны Расеі. Ім патрэбны праблемы ўнутры самой Расеі, а не вонкавыя чыннікі, якія б гэтаму спрыялі. Бо яны аўтаматычна не праецыруюцца.

Так, нейкія тэракты, нейкія выступы, нейкае падполле можа чыніць нейкія дыверсіі, у тым ліку вайскоўцы. Гэта магчыма. Але я б не сказаў, што, убачыўшы тое, што адбылося ў Сірыі, у Татарстане, Башкартастане або Бураціі, пачнецца паход.

- Ці дапускаеце вы, што з дзвюх вайсковых баз Расеі ў Сірыі - Тартус і Хмеймім - будуць выведзеныя ўсе войскі? Што для РФ будзе азначаць такая страта?

- Гэта звязана са стратай кантролю. Вайсковая прысутнасць давала магчымасць уплываць на сітуацыю ў рэгіёне Блізкага Усходу, падтрымліваць ХАМАС, узаемадзейнічаць з “Хезбалой”, падтрымліваць Іран. Наяўнасць гэтых баз - гэта і зброя, і чыннік вайсковай сілы, і кантроль за часткай тэрыторыі Сірыі. Усё ўзаемазвязана.

Але я думаю, што базы будуць выведзеныя з Сірыі. Небяспека ў тым, што ўнутры Сірыі можа пачацца грамадзянская вайна. Калі сірыйскія сілы “Хаят Тахрыр аш-Шам”, якія прыйшлі да ўлады, і іх супольнікі не знойдуць агульнай мовы, то ва ўмовах грамадзянскай вайны ў Масквы ёсць шанец захаваць гэтыя базы, іх вайсковы патэнцыял і прысутнасць.

Але калі новае кіраўніцтва Сірыі дакладна і ясна заявіць, што супольнікі Асада не могуць заставацца ў рэгіёне - і пакуль падобна да гэта, - то, вядома, усе базы будуць выведзеныя, тым больш, што нейкая частка тэхнікі, караблёў, самалётаў адтуль ужо вывезеная з асцярогі, што ўсё гэта можа патрапіць у рукі паўстанцаў.

Таму, хутчэй за ўсё, базы будуць адтуль з'язджаць ці пакінуць мінімальны кантынгент. Ізноў жа, усё залежыць ад таго, як яны дамовяцца з новым кіраўніцтвам. Гульцоў там шмат. Магчыма, яны будуць спрабаваць нешта развязаць праз Турцыю, недзе наўпрост з «Аш-Шам». Але пакуль я скептычна гляджу на далягляд Масквы захаваць гэтыя базы.

Калі не адбудзецца штосьці, што ўжо будзе не да баз, калі ў Сірыі пачнуць ваяваць паміж сабой. А прыметы гэтага таксама ёсць. І з курдамі тамака напружана, і не зразумела, як з алавітамі дамовяцца, да якіх належыць сямейства Асадаў. На фоне ўнутраных сварак базы могуць застацца як выспа Расеі і яе прысутнасці ў рэгіёне шалу.

Напрыклад, падчас грамадзянскай вайны ў Лібане заставаліся нейкія анклавы, дзе агулам было шчаслівае жыццё. Расейскія базы ў Тартусе і Хмейміме могуць стаць такімі астраўкамі бяспекі, і разлік можа рабіцца менавіта на гэта. Таму што страта гэтых баз - гэта рэальная страта апоры ў Блізкаўсходнім рэгіёне і статусу Масквы ў ім.

Дзе яшчэ, акрамя Сірыі, Расея можа размясціць свае базы? Іран - гэта асобная гісторыя, яны не дазволяць расейскім войскам там знаходзіцца. У Іраку зусім іншыя гульцы. Мабыць, Сірыя была адзіным месцам, дзе ў Расеі былі добрыя пазіцыі ў вайсковым сэнсе.

Але пакуль выглядае на тое, што базы з Сірыі яны будуць выводзіць. Нават калі яны дамовяцца, нават калі скажуць, што ім патрэбны час на выхад, ёсць асцярога, што, калі ты доўга будзеш там прысутнічаць, доўга вывозіць, гэтыя базы могуць быць захопленыя і перайсці ў рукі нейкай з груповак. Такая небяспека ёсць заўсёды. Калі няма цвёрдай дамоўленасці, у падвешаным стане Масква не пакіне там свае базы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках