РФ пабудавала ў 15 разоў менш авіялайнераў, чым планавала
3- 12.12.2024, 20:47
- 1,814
На сёння сабраныя толькі сем штук або 6,5 адсотка ад плану.
Расея пабудавала толькі сем цывільных самалётаў пасля пачатку вайны ва Украіне. Згодна з планамі ўладаў РФ, гэты паказнік павінен быў скласці 108 штук, паведамляе BBC у чацвер, 12 снежня.
Як высветлілі журналісты, пасля лютага 2022 года Аб'яднаная авіябудаўнічая карпарацыя (ААК), якая ўваходзіць у «Растэх», пабудавала толькі сем авіялайнераў Sukhoi SuperJet 100 «з даваеннага зачыну». Таксама створаныя два доследныя самалёты Іл-96-400М і Іл-114, якія праходзяць выпрабаванні.
Між тым згодна з праграмай развіцця авіягаліны да 2030 года, якую ўрад РФ зацвердзіў у чэрвені 2022 года, да канца года меркавалася выпусціць 14 цывільных самалётаў, у 2023 годзе – 25, да канца 2024 года – яшчэ 69 штук. Усяго да канца 2030 года планавалася пабудаваць 1032 пасажырскія самалёты.
Зрыў гэтага плану сведчыць, што ААК «аказалася не ў стане вырабляць пасажырскія самалёты», піша BBC. Прычынай крызісу галіны журналісты называюць уведзеныя ў дачыненні да Расеі пасля яе нападу на Украіну заходнія санкцыі, якія «аказаліся настолькі сур'ёзнымі, што паставілі авіяпрамысловасць на мяжу выжывання». Напрыклад, праз санкцыі ўзніклі праблемы з вытворчасцю рухавікоў, сістэмаў авіёнікі, элементаў салона.