Расейцы здаліся ў палон украінскаму спецназу ў Курскай вобласці
1- 3.12.2024, 8:50
- 8,550
Байцы 8-га палка Сіл спецыяльных аперацый правялі дзве дзёрзкія аперацыі.
Байцы Сіл спецыяльных аперацый (ССА) УСУ здзейснілі чарговыя паспяховыя налёты на варожыя пазіцыі ў Курскай вобласці. У выніку былі ліквідаваныя некалькі расейскіх вайскоўцаў, і яшчэ восем былі ўзятыя ў палон.
Пра гэта паведамляюць ССА УСУ.
Дзве аперацыі выконвалі байцы 8-га палка Сіл спецыяльных аперацый, яны ажыццяўляліся ў начны час.
Адзначаецца, што ўкраінскія воіны “знішчылі 17 ворагаў і прымусілі здацца ў палон яшчэ васьмярых падчас двух паспяховых налётаў на расейскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці РФ”.
У прэс-службе ССА распавялі, што падчас адной з аперацый байцы "ціха прабраліся проста на варожыя пазіцыі". Украінскія вайскоўцы спецыяльнага прызначэння ліквідавалі там 7 салдат супраціўніка, і “сваімі дзеяннямі прымусілі астатніх здацца ў палон”.
“Восем расейскіх вайскоўцаў выбралі жыццё і папоўнілі абменны фонд”, - гаворыцца ў публікацыі ССА.
А падчас выканання другога ўдалага налёту, байцы ліквідавалі яшчэ дзесяць вайскоўцаў РФ.
У ССА таксама расказалі, што ў групы ўкраінскіх воінаў падчас выканання спецыяльных дзеянняў страт не было.