Першы энэргаблок БелАЭС адключылі
9- 3.12.2024, 10:47
- 3,516
Для планава-папераджальнага рамонту.
Першы энергаблок БелАЭС з 3 снежня выведзены на трэці планава-папераджальны рамонт, паведаміла прэс-служба станцыі.
У апавяшчэнні зазначаецца, што такія работы праводзяцца на кожным энэргаблоку АЭС штогод "для перагрузкі ядзернага паліва ў рэактарнай устаноўцы і падтрымання бяспекі і надзейнасці абсталявання і тэхналагічных сістэм на самым высокім узроўні".
Спецыялісты выканаюць планавае тэхнічнае абслугоўванне, дыягностыку, дэфектацыю і рамонт абсталявання і тэхналагічных сістэм. Яны ў тым ліку правераць стан асноўнага металу і зварных злучэнняў абсталявання і трубаправодаў.
"Важнай часткай работ стане замена адпрацаванага ядзернага паліва на свежае - у актыўную зону рэактара будзе загружана блізу 25% цеплавыдзяляльных зборак са свежым ядзерным палівам", - паведамілі на прадпрыемстве.