Рэстаратары з Менска скралі літоўскі таварны знак
5- 9.12.2024, 14:17
- 9,436

Скапіявалі нават інтэр'ер установы.
У Менску адкрылі рэстарацыю, назва якой поўнасцю супадае з вядомай сеткай у Літве. Аднак літоўскія ўладальнікі заявілі, што не маюць дачынення да гэтай установы, і западозрылі беларусаў у крадзяжы таварнага знака. «Зеркало» паглядзела, хто валодае гэтай менскай рэстарацыяй.
Што адбылося?
У Менску 7 снежня адкрылася рэстарацыя Grill London. Яе назва і лагатып поўнасцю супадаюць з вядомай аднайменнай сеткай рэстаранаў у Літве.
Да таго ж ва ўстановы ідэнтычны з літоўскімі "братамі" інтэр'ер, вытрыманы ў цёмных тонах у стылі лофта, і падобная канцэпцыя кухні.
Пры гэтым уладальнікі сеткі Grill London у суседняй краіне заявілі, што не маюць дачынення да гэтай установы, а таксама абвінавацілі беларусаў у крадзяжы таварнага знака.
Адзін з акцыянераў Grill London Эймантас Навікаускас падкрэсліў у размове з LRT, што кампанія не вядзе ніякай дзейнасці ў Беларусі. "Інфармацыю аб незаконным выкарыстанні таварнага знака нашай сеткі рэстарацый у Беларусі мы атрымалі некалькі дзён таму, усю існую інфармацыю ў гэтай справе мы перадалі юрыстам", - паведаміў ён.

Хто валодае “двайніком” вядомай сеткі рэстарацый?
Як высветліла "Зеркало", валодае рэстарацыяй Grill London у Менску кампанія "Мідпоінт Груп". Яна была заснавана ў 2011 годзе і займалася выкананнем паслуг гатэлямі і аналагічнымі месцамі для пражывання з рэстарацыямі. Раней фірма кіравала кавярняй “Пронта” на вуліцы Куйбышава ў Менску. Цяпер яна зачыненая.
Ёй таксама належыць раздробны аб'ект у гатэлі Crowne Plaza Minsk.
Уладальнікі фірмы - грамадзяне Турцыі Шэнцюрк Гюрсел і Геркем Серкан Арынч, вынікае са звестак Адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асоб. Абодва маюць роўныя дзелі з ліпеня 2023 года. Да гэтага сярод сузаснавальнікаў значыўся іх суайчыннік Азёр Агюн Ахмет.
Са звестак на 2022 год, Шэнцюрк Гюрсел значыўся дырэктарам фірмы «Белпорт Ніжнія Жары». Ён жа валодаў турэцкай кампаніяй, у якой была дзель у гэтым амбіцыйным праекце. Гэтая кампанія павінна была пабудаваць у Гомельскай вобласці рачны порт. Дзяржаўныя СМІ называлі яго будучым «ключом для выхаду нашай краіны ў Чорнае мора», яго рэкламаваў сам Лукашэнка. Планавалася, што ён будзе пастаўляць па рацэ нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні. З пачаткам вайны ва Украіне праект аднаўлення рачнога суднаходства поўнасцю спыніўся.
Гэтаму бізнэсоўцу таксама належыць будаўнічая фірма "Гатэльбуд".

Другі суўладальнік Геркем Серкан Арынч таксама значыцца як індывідуальны прадпрымальнік, які з 2017 года ў гэтым статусе займаецца праграмаваннем.