Асудзілі верхавода міліцэйскай банды, якога апраўдваў Кубракоў
15- 9.12.2024, 14:33
- 17,568
Ён не толькі планаваў рабаванні, але і сам удзельнічаў у іх.
Суд Нясвіжскага раёна вынес прысуд 27-гадоваму міліцыянеру з Докшыцкага РАУС. Міхаіл Згірскі, як паведамлялася раней, кіраваў бандай, якая ў балаклавах рабавала дальнабойшчыкаў.
Са звестак «Нашай Нівы», яму прысудзілі 8 год калоніі за вымагальніцтва і злоўжыванне ўладай. Па гэтых злачынствах яму пагражала да 20 гадоў зняволення.
Падзельніку Згірскага і яго сябру дзяцінства Аляксандру Перапечку па тым жа абвінавачанні прысудзілі мінімальна магчымыя 5 гадоў.
Пра затрыманне банды «балакалаўшчыкаў» стала вядома ў траўні 2024-га. Зламыснікі абкрадалі прыпаркаваныя фуры дальнабойшчыкаў, пакуль кіроўца спаў у кабіне. Кіраўнік банды - капітан Згірскі - служыў у крымінальным вышуку. Ён не толькі планаваў рабаванні, але і сам удзельнічаў у іх. У кватэры Згірскага знайшлі нетабельную зброю, якая фігуравала ў заявах пацярпелых.
Але публічна кіраўніцтва МУС тады рашуча зняпраўджвала інфармацыю ў незалежных СМІ. Міністр Іван Кубракоў тады выступіў з відэазаявай: маўляў, банда была, але ніякі міліцыянер у яе не ўваходзіў. Аб лёсе Міхася Згірскага ён, натуральна, прамаўчаў.
Як высветлілася, сілавікі вырашылі вылучыць справу Згірскага ў асобную вытворчасць - каб не пэцкаць ведамства. Астатніх налётчыкаў паспелі ўжо асудзіць. Прысуды ім вынеслі на здзіўленне мяккія - "хатняя хімія". Вядома, яны ж не пісалі каментары ў інтэрнэце, а "проста" рабавалі. Толькі адзін удзельнік банды, рэцыдывіст, быў асуджаны на 4 гады калоніі.