У Сірыі ўдалося прарвацца да вязняў падземнай турмы Асада
- 9.12.2024, 15:52
- 23,220
У падземных камерах знаходзіцца больш за 10 тысяч чалавек.
У Сірыі з падземных камер ратуюць тысячы людзей з турмы Сэдная, вядомай як "лагер смерці" і "чалавечая бойня".
Як піша The Telegraph, паўстанцы зайшлі на тэрыторыю Сэднаі 8 снежня. Яны пачалі адчыняць металічныя дзверы камер, каб вызваліць тысячы змучаных, знясіленых зняволеных.
Адзначаецца, што зараз працягваюцца выратавальныя працы, мяркуецца, што ў падземных камерах знаходзіцца больш за 10 тысяч чалавек. “Яны знаходзяцца ў лабірынце камер, на глыбіні да 30 м пад зямлёй. Людзі замкнутыя за масіўнымі дзвярыма”, - піша выданне.
Са звестак СМІ, многія зняволеныя былі ў падзямеллі без электрычнасці, ежы, вады і доступу паветра. Да гэтых камер няма вольнага доступу - дзверы зачыненыя на электронныя замкі, да якіх патрэбныя спецкоды. Таму для выратавання людзей, якія знаходзяцца ў падземных адсеках, даводзіцца прабіваць падлогу і сцены. Пакуль што ратавальнікі дабраліся на два з чатырох падземных паверхаў.
У гэтай турме знайшлі шыбеніцы, а людзі ўтрымліваліся пад зямлёй у жахлівых умовах.
Адзін з вызваленых сказаў: “Вам будзе цяжка знайсці былога вязня Сэднаі, які раскажа вам, што напраўду там адбывалася, бо гэта настолькі зневажальна. Нават не ведаю, якія словы падабраць, каб апісаць тое, што я ўбачыў”.
Таксама The Telegraph апублікавала відэа з гэтай турмы, з якога вынікае, што ў адной з камер было маленькае дзіця. Малеча была ў турме разам з маці.
“Вочы малечы былі поўныя цікаўнасці і трапятання, а яго вызваліцелі крычалі: “Уцякай! Уцякай!” Выратаванне гэтага спалоханага дзіцяці з самай змрочнай турмы Сірыі, магчыма, з'яўляецца найбольш прыдатным сімвалам падзення Башара Асада”, - піша выданне.