На волю выйшла былая галоўная рэдактарка Ірына Леўшына
- 9.12.2024, 16:22
- 8,862
Яна цалкам адбыла тэрмін.
На волю выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына, паведамляе БАЖ.
Яна цалкам адбыла тэрмін. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, Леўшына вызвалілася 7 снежня.
Ірыну Леўшыну затрымалі 18 жніўня 2021 года. Яе абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса - у стварэнні або кіраўніцтве "экстрэмісцкім фармаваннем". Улады прызналі інфармацыйнае агенцтва БелаПАН “экстрэмісцкім фармаваннем” толькі праз тры месяцы пасля затрымання Леўшынай.
Суд у "справе БелаПАН" пачаўся 6 чэрвеня 2022 года ў Менскім абласным судзе і доўжыўся чатыры месяцы. Суддзя Вячаслаў Тулейка 6 кастрычніка вынес прысуд: Ірыне Леўшынай прызначылі 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Таксама паводле “справы БелаПАН” былі вынесеныя прысуды: журналісту і медыямэнэджару Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калоніі; ягонай жонцы Ірыне Злобінай - 9 гадоў калоніі; экс-дырэктару БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калоніі.
У пачатку 2023 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу фігурантаў "справы БелаПАН". Суддзя Андрэй Кавальчук пакінуў прысуды ў дзеянні. Неўзабаве Ірыну Леўшыну этапавалі ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомелі.