CNN: Падзенне рэжыму Асада ў Сірыі падкрэсліла кволасць праўлення Пуціна
- 9.12.2024, 17:14
- 3,926
Гаспадару Крамля не стаць уплывовым гульцом на Блізкім Усходзе.
Падзеі ў Сірыі азначаюць для кіраўніка РФ Пуціна значна больш, чым проста страту дзяржавы-хаўрусніка. Асабліва пагоршыла сітуацыю тое, што сірыйскі дыктатар Башар Асад уцёк у Маскву, паведамляе CNN (пераклад - «Уніян»).
Адзначаецца, што падзенне дынастыі Асадаў можа нанесці сур'ёзны ўдар па імкненнях Пуціна стаць уплывовым гульцом на Блізкім Усходзе. Уласны рэжым расейскага дыктатара таксама можа быць пад пагрозай.
- Пуцін кінуў Асада пад аўтобус, каб падоўжыць сваю вайну ва Украіне. Яго рэсурсы кволыя, і ён не такі моцны, як удае, - працытавалі ў выданні словы былога міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы.
Акрамя таго, уцёкі Асада з краіны падазрона падобныя да таго, як былы быы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч уцёк з Украіны ў 2014 годзе, адзначылі ў выданні. Сірыйцы зараз блукаюць па закінутым прэзідэнцкім палацы ў Дамаску, як і ўкраінцы ў Межыгор'і.
У выданні нагадалі, што Януковіч пасля сваіх уцёкаў не вяртаўся ва Украіну. Верагодней за ўсё, гэта чакае і Асада, які больш не зможа вярнуцца назад.
Аўтар матэрыялу, журналіст Натан Ходж мяркуе, што падзенне рэжыму Асада ў Сірыі можа стаць паваротным момантам для Украіны. У той час, як Асад уцёк з краіны ў Маскву, украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сустрэўся з лідарам Францыі Эмануэлем Макронам і кіраўніком Белага дома Дональдам Трампам у Парыжы.
Ходж упэўнены, што ўцёкі Асада могуць патэнцыйна прыслабіць пазіцыі Пуціна ў перамовах аб спыненні вайны ва Украіне. Асабліва, калі партнёры Кіева перастануць успрымаць сур'ёзна яго ядзерныя пагрозы.
У выданні таксама падкрэслілі, што на падзенне рэжыму ў Сірыі звярнуў увагу і Трамп. У сацыяльных сетках ён пісаў аб тым, што Пуцін не ў стане перашкодзіць змене кіравання ў Сірыі, хаця абяцаў абараняць рэжым Асада.
У інтэрнэце публікуюць відэа, як паўстанцы руйнуюць помнікі Асада ў Тартусе, на міжземнаморскім узбярэжжы Сірыі, дзе РФ трымала вайсковую марскую базу з часоў Халоднай вайны. У выданні дадалі, што Расея таксама выкарыстоўвае сваю авіябазу ў Хмейміме. У 2017 годзе падчас яе наведвання Пуцін заявіў, што супраціўнікі Асада атрымаюць "беспрэцэдэнтныя ўдары, якіх яны яшчэ не бачылі, калі зноў падымуць галовы".
На думку Ходжа, абяцанні Пуціна падтрымліваць Асада ўсімі магчымымі намаганнямі зараз здаюцца пустымі. Тым не менш ён не выключае, што такая параза можа прывесці да таго, што расейскі дыктатар будзе дзейнічаць больш рашуча ва Украіне, каб здавацца мацнейшай фігурай на палітычнай арэне.