УСУ вызвалілі Калеснікаўскі лес на Купянскім кірунку
1- 9.12.2024, 18:15
- 3,616
Акупантаў таксама выбілі з шэрагу населеных пунктаў на Харкаўскім кірунку.
Украінскія абаронцы выбілі расейскіх акупантаў з Калеснікаўскага лесу і прадаўжаюць стрымліваць ворага на кірунках Баравой і Круглякаўкі.
Пра гэта ў выпуску «Ахілес-Інформ» паведаміў камандзір батальёна ўдарных БпАК «Ахілес» 92-й АШБр імя Івана Сірко Юры Федарэнка, паведамляе «Думка».
Паводле ягоных словаў, украінскія вайскоўцы паспяхова замацоўваюцца на месцах, выбіваючы ворага з Глыбокага і іншых населеных пунктаў Харкаўскага кірунку.
Паводле ягоных словаў, апошнім часам расейскія войскі страцілі кантроль над шэрагам пазіцый. Нягледзячы на спробы акупантаў аднавіць свае пазіцыі, перспектываў прарыву ў Харкаў у найбліжэйшы час у іх няма.
Сярод іншага, Федарэнка расказаў пра масаваны штурм каля Круглякаўкі, дзе расейцы задзейнічалі да 50 адзінак цяжкай тэхнікі, а ў наступныя дні выкарыстоўвалі яшчэ 20 і 17 адзінак адпаведна. Нягледзячы на гэта, вораг здолеў прарвацца ў населены пункт, але ўкраінскія абаронцы спынілі яго прасоўванне па гэтым кірунку.
Цяпер акупанты спрабуюць замацавацца ў кірунку Баравой. Зрэшты, дзякуючы зладжанай працы сілаў абароны атрымалася не толькі заблакаваць ворага ў Круглякаўцы, але і правесці паспяховыя контратакі, якія прымусілі акупантаў адступіць з Калеснікаўскага лесу.
Барацьба за свабоду Харкаўшчыны прадаўжаецца, і ўкраінскія вайскоўцы кожны дзень даказваюць сваю моц і гатоўнасць адстойваць родную зямлю.