13 снежня 2024, Пятніца, 0:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аналітыкі Defense Express расказалі, якая зброя Сірыі можа спатрэбіцца Украіне

8
Аналітыкі Defense Express расказалі, якая зброя Сірыі можа спатрэбіцца Украіне
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

На сірыйскай тэрыторыі застаецца даволі шмат цікавых узораў.

Пасля падзення рэжыму сірыйскага дыктатара Башара Асада, цэлы арсенал тэхнікі і ўзбраення, які некалі належаў урадавым войскам, знойдзе сабе іншых уладальнікаў. На сірыйскай тэрыторыі застаецца даволі шмат цікавых узораў. Пра гэта піша Defense Express.

У сірыйскага рэжыму нават былі берагавыя супрацькарабельныя комплексы «Бастыён» пад звышгукавы ПКР тыпу П-800 «Онікс». Акрамя Сірыі, якая атрымала гэтыя комплексы прыкладна ў 2013 годзе, Расея пастаўляла «Бастыён» на экспарт толькі ў В'етнам.

Аўтары публікацыі адзначаюць, што наяўныя ў сірыйцаў «Бастыёны» – рэдкія, і для Украіны было б актуальна атрымаць гэтыя комплексы, каб напрацоўваць новыя метады супрацьдзеяння ракетным нападам РФ.

Паводле звестак The Military Balance 2024, у войскаў Асада на пачатак 2024 года таксама была неназваная колькасць АТРК «Кропка-У», «Эльбрус» і іранскія ракеты Fateh-110.

Паводле словаў аналітыкаў, балістыка для Сірыі ад Ірана ва Украіне магла б быць актуальная як мінімум для вывучэння, каб прадухіліць магчымыя пагрозы, але пастаўкі на ўзбраенне УСУ комплексаў «Эльбрус» – пытанне дыскусійнае.

«Сірыйскія комплексы "Кропка", якія існуюць, цалкам маглі б спатрэбіцца нашым вайскоўцам для наступных ракетных удараў па аб'ектах расейскіх акупантаў», – адзначаецца ў публікацыі.

Выданне падлічыла, што наземны складнік супрацьпаветранай абароны Сірыі налічваў мінімум 20 пускавых установак С-300ПМУ2, да 36 пускавых установак комплексаў С-125-2М «Пячора-2М», неназваную колькасць пускавых комплексаў С-200, «Бук» і «Бук-М2».

На пачатак года ў парку сірыйскай артылерыі былі рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Ураган» калібру 220 мм і «Смерч» калібру 300 мм, боекамплект да якіх дэфіцытны на сусветным рынку.

У плане авіяцыі ў Сірыі было ўсяго 184 ваенныя самалёты, з іх найбольш цікавыя 30 самалётаў МіГ-29. Частку мадэрнізавалі да мадыфікацыі МіГ-29СМ (ёсць магчымасць выкарыстання ракетаў «паветра – паветра» тыпу Р-77 і ракетаў «паветра – паверхня» Х-31П і Х-29, а таксама кіраваных авіябомбаў), і таксама да дзесяці бамбавікоў тыпу Су- 24МК.

У Сірыі таксама было чатыры супрацьлодкавыя гелікаптэры Ка-28 і пяць Мі-14, якія, верагодна, ужо няспраўныя, але могуць пайсці на запчасткі.

Аўтары публікацыі таксама адзначаюць, што пытанне яшчэ і ў тым, з кім у Сірыі можна цяпер дамовіцца пра магчымае атрыманне тэхнікі і зброі. Да таго ж, верагодна, патэнцыйныя дамоўленасці абмежаваныя ў часе, бо ВПС Ізраіля вядуць абстрэлы ваенных базаў на тэрыторыі Сірыі з мэтай падбіць усе больш-менш важкія запасы ўзбраення.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках