Брытанскі архітэктар распрацаваў сферычныя модульныя дамы на дрэвах
19- 9.12.2024, 19:10
- 7,432

Як яны выглядаюць.
Брытанскі архітэктар Энтані Гібан прапанаваў калекцыю сферычных дамоў (Burl Treehouse), падвешаных на дрэвах у лесе, гаворыцца ў паведамленні Designboom.
Падвесныя дамы-сферы мацуюцца з дапамогай вертыкальных паляў і падвесных тросаў да найбліжэйшых дрэваў. Такі спосаб дапамагае выканаць баланс паміж структурнай цэласнасцю канструкцыі і мінімальным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе, а таксама дазваляе дамам маскавацца ў лясным асяроддзі.

Трапляюць у дамы-сферы па падвесным мосце, злучаным з уваходнымі дзвярамі. Архітэктурны цэнтр будынка – цэнтральнае круглае акно, адкуль адкрываюцца віды на навакольную прыроду. У адным доме такіх сфераў можа быць некалькі. Такі модульны падыход забяспечвае гнуткасць дызайну і яго адаптавальнасць да розных ландшафтаў, удакладняецца ў паведамленні.

Дом на дрэве зроблены са светлага кедру і ясеню, а знешняя частка аздобленая абвугленай драўлянай дахоўкай – матэрыялам, які не толькі дадае візуальны кантраст, але і павышае даўгавечнасць і ўстойлівасць да розных умоваў надвор'я.
