Падчас рэстаўрацыі старажытнай царквы ў Полацку знайшлі сенсацыйнае графіці
6- 17.04.2024, 20:31
- 18,016
![Падчас рэстаўрацыі старажытнай царквы ў Полацку знайшлі сенсацыйнае графіці](https://i.c97.org/ai/591923/aux-head-1713375072-20240326_foto2_360.jpg)
Фотафакт.
У красавіку падчас рэстаўрацыйных працаў у Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннінскага манастыра ў Полацку знайшлі новыя графіці. Адно з іх змяшчае сенсацыйны надпіс, паведамляе Інстытут гісторыі НАНБ.
Дацэнтка БДПУ імя Максіма Танка Іна Калечыц расшыфроўвае надпіс наступным чынам:
«+Пераставіўся (памёр) Аўдакім месяца сакавіка ў першы дзень, папін Святога Спаса. Памяні, Госпадзе, у жыцці вечным. Майстар грэцкага боку».
![](https://i.c97.org/ai/591923/aux-1713374996-1.jpg)
Майстру і святара Аўдакіма, пра якога ідзе гаворка на графіці і які жыў у часы Еўфрасінні Полацкай, «можна паставіць у адзін шэраг з вядомымі імёнамі дойліда Яна і майстра Лазара Богшы», мяркуюць эксперты Акадэміі навук.
Графіці знайшлі на паўночных дзвярах храма, калі расчысцілі фрагмент сцяны. Памінальны запіс зроблены на пяць радкоў памерамі 17х6,5 см.
![](https://i.c97.org/ai/591923/aux-1713375015-2.jpg)
Як тлумачаць навукоўцы, храм з'яўляецца сапраўднай «бібліятэкай» надпісаў-графіці – іх колькасць дасягнула чатырох тысячаў. Яны датуюцца перыядам з XII да XIX стагоддзя.
Рэстаўрацыя Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннінскага манастыра ў Полацку ўнесеная ў дзяржпраграму «Культура Беларусі» на 2021–2025 гады. Толькі ў 2023 годзе на яе выдаткавалі больш за 1,6 млн рублёў. Працы павінны скончыцца сёлета.
Спаса-Праабражэнская царква пабудаваная ў XII стагоддзі, храм распісаны ўнікальнымі фрэскамі, якія на 90 адсоткаў захаваліся.