28 лiстапада 2024, Чацвер, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна, Грузія і Беларусь павінны ўвайсці ў НАТА

19
Украіна, Грузія і Беларусь павінны ўвайсці ў НАТА
ІШТВАН Д’ЯРМАЦІ
ФОТА: POLITICALCAPITAL.HU

Альянс - адзіная структура, якая можа абараніць ад пагрозы РФ.

Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю артыкулаў з кнігі "Беларусь у НАТА", выдадзенай фондам "Еўрапейская Беларусь". Гэты артыкул напісаны былым намеснікам міністра абароны Вугоршчыны, дырэктарам Міжнароднага цэнтра развіцця і дэмакратычнага пераходу і генеральным сакратаром Вугорскай Атлантычнай рады, амбасадарам Іштванам Д’ярмаці.

Беларусь у НАТА? Якая недарэчная ідэя! Так большасць адрэагавала б на такую прапанову. Але "недарэчныя ідэі" могуць стацца ні чым іншым, як бачаннем таго, што такое можа адбыцца, і адбыцца раней, чым большасць магла б сабе ўявіць. Дазвольце мне ўдакладніць сцісла, чаму я мяркую, што гэта не "недарэчная ідэя", і не проста меркаванне, а неўнікнёная неабходнасць.

Існуе вялікая розніца ў падыходах да разгляду бягучага становішча з бяспекай у Еўропе. Гэта нядзіўна: тое, што мы назіраем сёння, гэта надзвычай складаная сітуацыя, якая нагадвае халодную вайну, але шмат у чым ад яе адрозніваецца. Тут іншыя першапрычыны і розныя гульцы ў параўнанні з тымі, што былі ў другой палове дваццатага стагоддзя; адрозніваюцца і развязанні — калі такія наогул ёсць, а таксама перспектывы.

На сяброўства Беларусі ў НАТА трэба зірнуць з двух ракурсаў.

Першы: ці з'яўляецца гэта тым, чаго хоча беларускі народ?

Другі: які стратэгічны кантэкст, у рамках якога такі аналіз мае сэнс?

Пачнём з першага. Цалкам відавочна, і апошнія выбары, і асабліва падзеі за імі, адназначна прадэманстравалі, што беларускі народ жадае дэмакратыі, свабоды і нармальнага жыцця.

У той жа меры, як і іншыя народы Еўропы (і ўсяго свету). Яны бачаць і бліскучы прыклад краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, дзе былыя савецкія калоніі сталі нармальнымі дэмакратыямі.

І, неспадзяванка – усе яны з'яўляюцца (дзейнымі або будучымі) сябрамі НАТА (і Еўрапейскага Звязу). Гэта само сабой моцны аргумент у іхніх (і нашых) вачах для далучэння Беларусі да гэтых краін у якасці дэмакратычнай, свабоднай і незалежнай дзяржавы (і маючы на ўвазе таксама сяброўства ў НАТА і Еўрапейскім Звязе ў будучыні). Але гэта не поўная карціна. Няма сумневу, што народ Беларусі жадае дэмакратыі і незалежнасці. Але я не бяруся меркаваць, што, улічваючы агрэсію Расеі супраць Украіны, усе яе грамадзяне бачаць і згодныя з тым, што ў цяперашняй геастратэгічнай сітуацыі сяброўства ў НАТА з'яўляецца адзіным спосабам безумоўнага забеспячэння незалежнасці краіны, такім чынам, каб быць упэўненым у тым, што ніякае ўмяшанне звонку (з боку Расеі) не змагло б пахіснуць іхнюю дэмакратыю.

Чаму так? Гэта лёгка зразумець, калі зірнуць на бягучую сітуацыю з гістарычнага пункту гледжання. Па-першае, грамадскае фармаванне беларусаў адбывалася ў рэжыме савецкага тыпу. Пры дыктатуры, дзе ім безупынна навязвалася меркаванне, што гэта і ёсць найлепшая форма кіравання, і ў выніку, што адзіны шлях гарантыі ўнутранай стабільнасці і бяспекі краіны — праз супрацоўніцтва з Расеяй.

І такі аргумент нельга з лёгкасцю адкідаць. Вядома, добрыя суседскія стасункі з нашмат мацнейшай дзяржавай могуць быць вельмі выгадныя. Пры ўмове, што сусед дэмакратычны, не мае спроб умяшанне ва ўнутраныя справы вашай краіны, не мае тэндэнцыі і моцнага жадання дамінаваць над іншымі, асабліва суседзямі, і ўрэшце, не хоча тым або іншым спосабам, далучыць іх.

Усё гэта гучыць добра, але Расея такой краінай не з’яўляецца. Яе гісторыя — гэта гісторыя расейскага экспансіянізму, раней, да іх захопу пад маскай "інтэрнацыяналізму" — простая заваёва тэрыторый. Цяперашняя Расея не з'яўляецца выняткам: наадварот, пуцінская Расея больш агрэсіўная, чым большасць яе папярэдніц, у тым ліку нават постсталінскі Савецкі Саюз.

Для Пуціна Украіна — гэта толькі першы крок.

Ягоная мэта — не аднаўленне Савецкага Саюза. Ён ідзе нашмат далей за гэта. Ягонае бачанне — гэта "расейскі свет". Што гэта значыць? Сцісла, і гэта відавочна пэўнае спрашчэнне, гэта азначае, што дзе б расейцы ні жылі — ўсё гэта для іх законная расейская тэрыторыя.

Больш за тое, дзе б расейцы калі-небудзь ні жылі — гэта таксама законная расейская зямля. І гэта не новае паняцце: памятаеце, якім быў тытул цара? Тытул азначаў, што цар быў "царом усіх расейцаў". Не "Расеі", а "ўсіх расейцаў", гэта значыць, дзе б расейцы ні жылі, цар з'яўляецца іхнім уладаром. А пад гэта трапляе, вядома, і тэрыторыя, дзе яны жывуць.

Ільін і Дугін, ідэолагі пуцінскага двара, далі гэта ясна зразумець, як і, безумоўна, сам Пуцін. У цяперашняй сітуацыі гэта, магчыма, прагучала б крыху недарэчна, але ён рабіў гэта шмат разоў на працягу апошніх гадоў. І ніколі з гэтай ідэяй не расставаўся. Украіна — гэта толькі першы крок. Ён і ягоныя памагатыя выказваліся аб гэтым часта і недвухсэнсоўна. "Праект пагаднення", прадстаўлены ў снежні 2021, выразна паказаў, што наступным крокам было б аднаўленне расейскага панавання над Цэнтральнай і Усходняй Еўропай, такім чынам дэ-факта НАТА было б знішчанае. Гэта выразна дэманструе, што наступнай мэтай было б заваяванне згаданых краін пасля таго, як яны страцяць абарону НАТА.

Такім чынам, беларускаму народу патрэбная дэмакратыя, каб зразумець, што трэба зрабіць, каб пачувацца ў бяспецы, маючы пад бокам расейскага суседа. Гэта мае стаць скрозь часткай агульнаадукацыйных захадаў для грамадзян пры пераходзе ад дыктатуры да дэмакратыі (адной з памылак, якую мы зрабілі ў некалькіх новых дэмакратыях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, стала тое, што мы не патлумачылі, што напраўду азначае дэмакратыя, што неабходна для яе развіцця ў сваёй уласнай краіне, і што бяспека з'яўляецца важным складнікам дэмакратыі).

З улікам вышэйсказанага адзначу, што гэта хоць і цяжкая, але не немагчымая задача. Яна мае стаць часткай падрыхтоўкі Беларусі да ўступлення ў НАТА. Я не буду падаваць драбніцы таго, што неабходна, каб выканаць умовы для сяброўства і падрыхтавацца да ўступлення ў НАТА. Вышэйназваная задача стане адной з іх. І тут я хачу заявіць: мы не маем дапускаць, каб гэты працэс расцягнуўся на дзесяцігоддзе. Дэмакратыя мае стабілізавацца хутка. Разам з гэтым павінна гарантавацца бяспека краіны. Я б выказаў меркаванне, што на гэта можа спатрэбіцца некалькі гадоў, не больш, пасля таго, як у Беларусі ўсталюецца дэмакратыя.

Яшчэ адна заўвага аб бягучым моманце. Я перакананы, што тыя, хто жадае дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, ужо цяпер павінны пачаць тлумачыць, што неабходна Беларусі, каб стаць бяспечнай і спакойнай краінай. Трэба пачынаць адукоўваць людзей што да таго, якую пагрозу нясе Расея. І калі ўзнікне пытанне, што рабіць з такой пагрозай, становіцца відавочнай неабходнасць уступлення ў НАТА.

Адзін з самых вялікіх выклікаў цяпер і ў будучыні — як супрацьстаяць расейскай прапагандзе. Не мае быць сумневаў, што нават пасля ўсталявання дэмакратыі ў Беларусі Расея не спыніць сваю падрыўную прапаганду. Наадварот, яна стане мацнейшай і нават агрэсіўнейшай. І яна будзе знаходзіць хаўруснікаў і прыхільнікаў таксама і ўнутры новай, дэмакратычнай Беларусі. Як супрацьстаяць расейскай прапагандзе, у нейкай ступені з'яўляецца цяпер праблемай і для дэмакратычных краін Еўропы. І гэта будзе няпростай задачай таксама і для Беларусі.

Пяройдзем цяпер да другога пытання — стратэгічнага кантэксту.

Павелічэнне НАТА заўсёды было супярэчлівай праблемай. Адной з уласцівых супярэчнасцяў было супраціўленне Расеі, моцна перабольшанае, але зразумелае, хоць і непрымальнае. Часткай гэтага супраціўлення, якую было складаней зразумець і пераадолець, была апазіцыя знутры: даволі значная частка палітыкаў, а яшчэ большая колькасць экспертаў, якія складаюць такім чынам грамадскую думку, заўсёды выступала супраць павелічэння НАТА. Мы не хочам паглыбляцца ў прычыны гэтага, а сканцэнтруемся толькі на адным "аргуменце" — легітымныя інтарэсы Расеі што да яе бяспекі нібы павінны прымацца да ўвагі і задавальняцца.

Само сабой, гэта зразумелае і прымальнае меркаванне. Аднак ёсць адна невялікая праблема: што разумець пад словам "легітымны"?

Згаданыя вышэй эксперты і палітыкі меркавалі, што Расея, і толькі Расея, можа самастойна вызначаць, якімі з'яўляюцца яе легітымныя інтарэсы ў сферы бяспекі. Нават у выпадку дэмакратычных краін гэта не зусім дакладна, бяспека ж з'яўляецца складаным пытаннем, бо бяспека адной краіны ўплывае на бяспеку іншых. І чым бліжэйшая краіна геаграфічна, тым мацнейшы такі ўплыў. Такім чынам, суседзі зазвычай знаходзяцца пад вялікім уплывам. Сёння, у эпоху глабалізацыі, фактычна, хаця і ў меншай ступені, глабалізуюцца і вайсковыя дзеянні. Адпаведна, маюць прызнавацца легітымнымі толькі такія інтарэсы бяспекі, пры якіх бяруцца да ўвагі і паважаюцца інтарэсы бяспекі іншых, асабліва суседзяў.

Пытанне набывае яшчэ большую складанасць, калі краіна, пра якую ідзе гаворка, не з'яўляецца дэмакратыяй. У выпадку з Расеяй ніхто разважны ніколі б не сцвярджаў, што Расея з'яўлялася дэмакратыяй, за выняткам Пуціна, але гэта не вартае сур'ёзнага стаўлення (вядома, Керанскага і Ельцына можна было ўспрымаць як асоб, што мерыліся стварыць дэмакратыю, але няўдала). Адпаведна, кіраўніцтва такіх краін, у нашым выпадку Расеі, не абавязкова выказвае рэальныя інтарэсы народа і краіны, і гэта яшчэ больш відавочна, калі ідзе гаворка пра бяспеку. І калі мы гаворым пра Расею, чыя гісторыя была гісторыяй экспансіі, і якая ніколі не спынялася перад тым, каб выкарыстаць сілу для ажыццяўлення экспансіі, мае быць ясна, што інтарэсы бяспекі, як іх вызначае кіраўніцтва Расеі, не павінны разглядацца як "легітымныя".

Якія тады легітымныя інтарэсы бяспекі Расеі? Гэта надзвычай складанае пытанне, бо вельмі цяжка знайсці яго дакладную крыніцу. Ці з'яўляецца ім расейская апазіцыя? Напраўду не, бо ў шмат якіх выпадках яны таксама знаходзяцца пад пэўным уплывам расейскай ідэалогіі (глядзі Салжаніцына і нават Навальнага).

Ці такімі з’яўляюцца замежныя палітыкі і/або эксперты? Гэта прынцыповая аблуда, што замежнікі валодаюць праўдай пра якую-небудзь іншую краіну. Але на практыцы гэта зрабіць яшчэ цяжэй, бо ў экспертаў існуе вялікая разбежнасць у спробах даць азначэнне таму, якімі з'яўляюцца інтарэсы бяспекі Расеі.

Высновы такія: як у мінуўшчыне, так і ў будучыні давядзецца знайсці пераканаўчае азначэнне інтарэсаў Расеі ў галіне бяспекі, якое было б універсальным альбо хаця б прызнавалася большасцю, нават калі гэтая большасць не будзе ўключаць лідараў Расеі. Прагматычнае развязанне – або болей modus vivendi - гэта паспрабаваць прыйсці да пагаднення аб тым, што НЕ з'яўляецца легітымным, гэта значыць, якія інтарэсы бяспекі Расеі непрымальныя. На такую спробу магла б пагадзіцца большасць прыхільнікаў прымірэння з Расеяй. Урэшце, кожная краіна, а таксама НАТА і Еўрапейскі Звяз, змаглі б прапанаваць сваё азначэнне, якое б паслужыла для іх падмуркам стратэгіі ў дачыненні да Расеі.

Давайце зірнём на тое, што не можа быць прымальным у якасці легітымных інтарэсаў Расеі ў галіне бяспекі, але ўсе яны былі абвешчаныя легітымнымі Пуціным.

Права ўплываць або нават вызначаць тып і склад урада іншай краіны. Так, я ведаю пярэчанні: а як наконт умяшання ЗША ды іншых дэмакратычных краін у "пабудову дэмакратыі"? Ізноў жа, гэта заслугоўвае разгляду ў іншых, аналагічных артыкулах; але я абмяжуюся тым, што там усё па-іншаму, і калі хто-небудзь жадае пазбавіцца ад дыктатуры і стварыць пэўны тып дэмакратыі — гэта адно, а іншае — наадварот, калі хтосьці імкнецца падтрымаць або стварыць унутраныя сілы для ўсталявання дыктатуры. Так, у пэўных выпадках ЗША ды іншыя таксама дзейнічалі аналагічным спосабам, што можна ўважаць за памылку, але вядома, гэта не дае нам права рабіць яе зноў і зноў. І яшчэ адно адрозненне: апошні раз ЗША захоплівалі і далучалі тэрыторыю ў 19-м стагоддзі, у той час як Расея цяпер знаходзіцца ў стадыі такога працэсу і рабіла гэта ва ўсе часы.

Яшчэ адна рэмарка: мы, тыя, хто шануе вартасці дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека, не саромеемся прызнаць: так, мы мяркуем, што цалкам легітымна, і больш за тое, з'яўляецца нашым абавязкам "умяшацца" ва ўнутраныя справы іншай краіны. У пэўных выпадках гэта цалкам законна, грунтуючыся на міжнародных правілах, як напрыклад, у выпадку "гуманітарнага ўмяшання"1 або "грубага парушэння правоў чалавека"2.

Аднак пара стаць больш цвёрдым і пайсці далей: у пэўных выпадках нам варта так рабіць, нават калі гэта неабавязкова адпавядае міжнародным правілам: прасоўваць дэмакратыю, калі гэта робіцца ў якасці вынятка і робіцца правільна, і калі адрозніваецца ад імперыялістычных дыктатур, якія ўрываюцца ў іншыя краіны. Давайце набяромся мужнасці і скажам: дзве падобныя рэчы не заўсёды сапраўды падобныя. Нашы прынцыпы стаяць вышэй за прынцыпы тых дыктатараў, бо яны служаць агульнаму дабру народа. Тым самым яны могуць апраўдаць пэўныя крокі, якія неабавязкова пільнуюцца літары закону, але з'яўляюцца правамернымі.

Але вернемся да НАТА. Найчасцей ужываным аргументам супраць павелічэння НАТА з'яўляецца той, што гэта справакавала б Расею на рэакцыю ў адказ, якая магла б прычыніцца да шырокамаштабнага канфлікту, трэцяй сусветнай вайны і г.д. Перад тым як гэта аспрэчваць, давайце задамо пытанне: чаму НАТА павялічылася за апошнія дзесяцігоддзі? І адказ такі: з той жа прычыны, з якой яна стваралася ў 1949 годзе — расейская пагроза і боязь расейскага ўварвання. Калі было легітымным "правакаваць расейцаў" у 1949 і было легітымным "рызыкаваць распачынаннем шырокамаштабнага канфлікту" ў 1949 з прычыны таго, што краіны і народы баяліся расейскай экспансіі, чаму нелегітымна зрабіць гэта цяпер?

Прычына стварэння і павелічэння НАТА ўсё тая ж: экспансія і агрэсіўнасць Расеі і часцяком дырэктыўная пагроза іншым краінам.

Рэакцыяй на гэта не мае стаць меркаванне або патрабаванне ўзяць да ўвагі "легітымныя інтарэсы бяспекі" і грунтаваць нашу палітыку на гэтай гіпотэзе, а наадварот, зрабіць немагчымым для Расеі рэалізаваць тыя "легітымныя інтарэсы", бо яны НЕЛЕГІТЫМНЫЯ. Гэта можа прагучаць дзіўна, але стрымаць расейскі экспансіянізм — таксама ў інтарэсах Расеі і яе народа.

Па-першае, гэта ратуе іх ад разбуральнай вайны, якая магла б знішчыць большую частку іхняй краіны і забіць мільёны расейцаў. Я не думаю, што вялікім суцяшэннем для тых людзей было б тое, што таксама загінуць мільёны іншых людзей. І мяркую таксама, што калі прыйдзе канец імперскай палітыцы Расеі, сітуацыя ўнутры Расеі таксама пакрысе будзе мяняцца да лепшага. Нацыяналізм і падбухторванне да вайны саступіць месца рэальным тэмам: дэмакратыі, добрым суседскім стасункам, супрацоўніцтву. Грошы, змарнаваныя на падрыхтоўку да вайны, будуць выдаткаваныя на дабро народа. Маю моцнае перакананне, што дэмакратыя не зможа прагрэсаваць у Расеі датуль, пакуль у цэнтры расейскай палітыкі знаходзіцца такое імперскае распальванне войнаў.

Хоць мы наўрад можам паўплываць на ўнутраную сітуацыю ў Расеі (акрамя спроб дапамагчы сілам дэмакратыі, якія нараджаюцца), але мы цалкам здатныя стварыць вонкавыя варункі, якія змогуць паволі расхістаць і аслабіць замежную палітыку Расеі, такім чынам расхінаючы шлях больш рэалістычнай і накіраванай на супрацоўніцтва палітыцы, якая ў выніку аслабляе ўнутраную дыктатуру ў Расеі.

У дадатак да стратэгічных прычын, што расейскаму экспансіянізму, рэвізіянізму, агрэсіўнасці і, адпаведна, расейскай пагрозе трэба супрацьстаяць дзеля нашай уласнай бяспекі, для мяне відавочна, што гэта і ў інтарэсах расейскага народа.

NATO — адзіная структура, якая можа эфектыўна супрацьстаяць расейскай пагрозе. Калі мы жадаем павысіць яе дзеяздольнасць, мы павінны зрабіць усё магчымае, каб колькасць яе сябраў расла. Новыя сябры ўзмацняюць НАТА. Асабліва гэта тычыцца краін, якія мяжуюць з Расеяй. Такім чынам, мы павінны закончыць пабудову рэальнай еўрапейскай бяспекі, прыняўшы ў НАТА тры астатнія дзяржавы: Украіну, Грузію і Беларусь.

Так, варункі пакуль не саспелі для таго, каб зрабіць гэта неадкладна. І гэта не тлумачыцца вайной ва Украіне. Пастанова саміту ў Вільні не прымаць Украіну ў НАТА контрпрадукцыйная, бо яна дае Расеі права вета, чаго ніколі не было раней, і недарэчна, што гэта адбылося, калі Расея як ніколі слабая, але і з іншых прычын у гэтых краінах, як унутраных, так і вонкавых. Нам неабходна дакладна заявіць, што НАТА трэба павялічваць, каб запоўніць пустэчы. Гэта не толькі ўмацуе альянс і тым самым бяспеку яго сябраў (у тым ліку новых удзельнікаў), але таксама дапаможа расейцам рэфармаваць сваю ўласную краіну і рушыць наперад да дэмакратыі.

____________________________________________

1. Да "права" на гуманітарнае ўмяшанне ў перыяд пасля халоднай вайны ўпершыню звярнулася дэлегацыя Вялікай Брытаніі ў 1990 пасля таго, як Расея і Кітай не падтрымалі рэзалюцыю аб беспалётнай зоне над Іракам.

2. Паводле вызначэння АБСЕ

Др. Іштван Д’ярмаці

Амбасадар Д’ярмаці цяпер з'яўляецца прэзідэнтам Міжнароднага цэнтра развіцця і дэмакратычнага пераходу і генеральным сакратаром Вугорскай Атлантычнай рады. Ён быў старшынёй Кансультацыйнай рады раззбраення пры Генеральным сакратару ААН, сябрам Рады Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў і Фонду абароннага каледжа НАТА і г. д. Ён зрабіў бліскучую кар'еру на дыпламатычнай службе ў якасці кіраўніка вугорскай дэлегацыі ў АБСЕ, старшыні аперацыйнай групы Вугоршчыны ў АБСЕ, генеральнага дырэктара ў палітыцы бяспекі і г. д. Ён таксама займаў пасады кіраўніка місій АБСЕ ў Грузіі, Чачэніі, намесніка міністра абароны ў палітыцы, старшага віцэ-прэзідэнта Інстытута Усход-Захад, кіраўніка Місіі назірання за выбарамі ў Малдове АБСЕ/БДІПЧ.

Амбасадар Д’ярмаці мае ступень магістра бізнэс-адміністравання, доктара палітычных навук і доктара філасофіі стратэгічных даследаванняў. Ён з'яўляецца прафесарам Універсітэта Мілтана Фрыдмана і Універсітэта Атаназ. Ён з'яўляецца аўтарам шматлікіх публікацый на тэму палітыкі бяспекі і абароны, еўрапейскай бяспекі, кіравання канфліктамі і абароннай палітыкі Вугоршчыны

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках