28 лiстапада 2024, Чацвер, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Томскі бунт: Як ліцвіны хацелі стварыць сваю рэспубліку ў Сібіры

3
Томскі бунт: Як ліцвіны хацелі стварыць сваю рэспубліку ў Сібіры

Нашы продкі не здаваліся нават у палоне.

Палонных літвінаў, якія змагаліся ў шэрагах Вялікага войска Напалеона і ўзятых расейцамі ў кампаніі 1812 года, царскія службоўцы адпраўлялі далей ад заходняй мяжы, у Сібір. Да 1813 года па гарадах і розных паселішчах Заходняй Сібіры былі раскіданы тысячы нараджэнцаў Вялікага Княства Літоўскага і польскіх абласцей. У Томску ў становішчы бяспраўнага ссыльнага апынуўся і Мартын Вансовіч, шляхціч з Менска, піша litvin.pl.

Расейскія ўлады называлі Вансовіча фальшываманетчыкам. У ягоным доме ў свой час былі знойдзеныя падробленыя асігнацыі. Такія «грошы» падчас канфлікту Францыі з Расеяй распаўсюджвала выведка Напалеона. Вансовіч нікога не выдаў, крыніцу, адкуль да яго трапілі асігнацыі, не назваў.

Некаторыя аўтары мяркуюць, што Вансовіч быў спрытным і ўмелым агентам напалеонаўскай выведкі, укаранёным задоўга да пачатку ўварвання Напалеона ў Расею. Энэргічны і прадпрымальны, пан Мартын умеў заваёўваць увагу суразмоўцаў, быў добрым псіхолагам, лёгка заводзіў новыя і новыя знаёмствы.

Ссыльны шляхціч-ліцвін уладкаваўся ля ракі Том з камфортам. Ён пабудаваў сабе двухпавярховы маёнтак, займаўся камерцыйным гандлем. Адзін з паверхаў уласнай хаты здаваў жыхарам. Вансовіч ахвотна прымаў у сябе гасцей. Гаварылі, што ў яго ішла начамі картачная гульня па-буйному. Удзельнічалі ў ёй расейскія афіцэры мясцовага гарнізона. Гэта дапамагала літвінам завесці шырокія знаёмствы сярод томскіх чыноўнікаў і афіцэраў.

Маёнтак Вансовіча стаў у пачатку зімы 1814 года месцам збору палякаў і літвінаў, якія марылі аб вольнасці. Некаторыя з іх цягнулі шлейку ў гарнізоне, даўшы прысягу цару (як нараджэнец Меншчыны Томас Даманскі, унтэр-афіцэр расейскай арміі). Іншыя былі на становішчы ваеннапалонных.

Напярэдадні новага 1814 года ў Вансовіча ладзілі баль. Падчас танцаў пад скрыпку ліцвіны Піянткоўскі і Рудніцкі сабралі некалькіх сваіх таварышаў, былых напалеонаўскіх салдатаў. Абмяркоўваўся фантастычны план. Адважнікі прапаноўвалі арганізаваць у Томску ўсіх былых салдатаў Вялікай арміі і ўзяць уладу ў рэгіёне, каб потым выйсці ў Нямеччыну і далучыцца да часцей напалеонаўскіх войскаў. Узімку 1814 года Францыя яшчэ магла перамагчы і Напалеон меў шанец сцерці кааліцыю амаль усіх еўрапейскіх дзяржаваў.

Шэрагі змоўнікаў раслі даволі хутка. У вярбоўцы ўдзельнічаў як сам Вансовіч, так і ягоныя памочнікі.

Неўзабаве да ўдзельнікаў смелага плану далучыліся Зевельт, Драгачынскі, Кастоўскі, Міхайлоўскі і яшчэ дзясяткі палякаў і літвінаў. У кожнага была свая задача. Напрыклад, Драгачынскі збіраўся адліваць з медзі кавалерыйскія трубы і нават трохфунтавыя гарматы, карцечныя кулі, ядры. А Цішэўскі прапаноўваў сфармаваць конны атрад з мясцовых ссыльных, які мог стаць авангардам будучага Сібірскага атраду.

У яго ўваходзілі не толькі байцы Напалеона, але і катаржнікі з мясцовых астрогаў. Усяго змоўнікі мелі намер прывесці пад сцягі Напалеона не менш за 40 тысячаў салдатаў і афіцэраў. Літвіны загадзя склалі маніфест з 12 пунктаў, які планавалі абвясціць перад пачаткам дзеянняў іх атраду, пасля поўнага захопу Томска. Кіраўнікі змовы рассылалі кур'ераў з пасланнямі ў Омск і Табольск, якія Вансовіч пісаў спецыяльным «нябачным» чарнілам.

Шырокім планам не наканавана было спраўдзіцца праз данос. Чым больш чалавек удзельнічала ў змове, тым больш чутак паўзло па Томску і навакольных паселішчах пра будучы бунт палякаў у частках, у гарадскіх установах.

У траўні да выступу шмат было гатова. Усяго было завербавана да 600 байцоў. Пра падрыхтоўку бунту камандзіру Томскага гарнізона расказаў салдат Васіль Цякуцьеў. Ён запэўніваў кіраўніцтва, што чакаць нельга. У ноч з 9 на 10 траўня палякі і літвіны мелі намер атакаваць склады са зброяй і прысутныя месцы, арыштаваць усіх чыноўнікаў і афіцэраў, якія знаходзіліся на імператарскай службе. Час паўстання быў абраны з толкам. Удзельнікі змовы хацелі атакаваць цэйхгаўзы якраз пасля свята свяціцеля Мікалая Цудатворца, калі пільнасць вартавых пастоў была б мінімальнай. Многія расейцы пасля свята прыходзілі б у сябе і не сталі праяўляць актыўнасці.

Кіраўнік гарнізона Кемпен фантастычнаму аповеду даносчыка не паверыў, але паведаміў губернатару Ілічоўскаму. Той адклаў рапарт пад сукно. Кемпен надумаў падстрахавацца і паслаў таксама данясенне генералу Глазенапу, які адпісаў у сталіцу, у далёкі Санкт-Пецярбург.

Справа скончылася арыштам Вансовіча і ягоных таварышаў. Улады сячы наводмаш не сталі. У 1814 годзе нікога з ліцвінаў не расстралялі і не павесілі. Усіх затрыманых распусцілі па кватэрах, яны жылі звычайным жыццём. Але следства ішло сваім ходам. Ажно да 1817 года, калі напалеонаўская эпапея ўжо закончылася высылкай Банапарта на востраў Святой Алены.

Пасля заканчэння следства адбыўся суд.

Пастановай Урадавага Сената ў 1817 годзе было змушана да адказнасці 40 удзельнікаў змовы. Вансовіч абышоўся новай высылкай у Нерчынск. Там ён і згінуў. Некалькі чалавек выправілі на этап на катаргу ў рудні, да двух дзясяткаў прыставілі паліцэйскі нагляд.

Вестка пра паўстанне палякаў і літвінаў падштурхнула імператара Аляксандра Першага да развязання пытання аб былых ваеннапалонных войска Напалеона ў Сібіры. Улады пачалі актыўна рыхтаваць палонных да перасялення ў Польшчу і Літву.

Самае цікавае, што Вансовіч і ягоныя сябры цалкам маглі стварыць у Сібіры сваю рэспубліку, калі б дзейнічалі больш катэгарычна. Цывільная і ваенная адміністрацыі ў Томску, нягледзячы на атрыманыя неаспрэчныя звесткі пра бунт, доўга не маглі дамовіцца паміж сабой. Кожны з высокіх кіраўнікоў не наважваўся ўзяць на сябе ўсю адказнасць. Баяліся гневу імператара. Адбілася таксама звычка не выяўляць ініцыятыву пры адсутнасці ўказанняў са сталіцы.

Паўстанне ў Томску магло быць таксама падтрыманае выступам палякаў і літвінаў у горадзе Табольску, якія служылі ў мясцовым гарнізонным палку. 12 траўня 1814 года амаль сотня палякаў і ліцвінаў адмовіліся прадаўжаць службу. Яны заявілі сваім камандзірам, што ў варту не пойдуць і загады расейцаў выконваць больш не маюць намеру.

Ніжнія чыны, як паказвалі афіцэры палка ў сваіх рапартах кіраўніцтву, патрабавалі высылкі іх на радзіму. У адваротным выпадку пагражалі ўзяцца за зброю і даказаць, што яны будуць змагацца за свабоду. Інцыдэнт быў спынены толькі тады, калі мясцовыя кіраўнікі паабяцалі абураным салдатам развязаць праблему ў хуткім часе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках